28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абазначыў прыярытэты ў далейшай рабоце Міністэрства ўнутраных спраў, выступаючы 28 студзеня на калегіі МУС па выніках работы за 2015 год. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што пачынае падвядзенне вынікаў работы органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі з асноўнага праваахоўнага ведамства, а затым мае намер пабываць на калегіях усіх сілавых структур.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў цэлым работа ўсіх структур МУС дае магчымасць забяспечыць належны ўзровень грамадскай бяспекі ў краіне.
"Вы ўпэўнена кантралюеце абстаноўку, здольны папярэдзіць абвастрэнне крымінагеннай сітуацыі, абараніць грамадства, кожнага грамадзяніна ад любых замахаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Па выніках вашай работы грамадзяне ацэньваюць здольнасць улады забяспечыць правапарадак у краіне, асабістую бяспеку, абарону законных правоў і інтарэсаў. Важнейшыя крытэрыі гэтай ацэнкі - магчымасць спакойна знаходзіцца ў любы час на вуліцах, быць упэўненым у бяспецы дзяцей, не апасацца за захаванасць сваёй маёмасці", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя незалежнага сацыялагічнага даследавання, згодна з якім амаль 80 працэнтаў грамадзян выказалі ўпэўненасць у сваёй бяспецы. На думку Прэзідэнта, гэта сведчыць, што народ высока ацэньвае работу міліцыі. "Я цудоўна разумею, што і сярод работнікаў ДАІ, і сярод міліцэйскага складу, чыноўніцкага - людзі розныя. Але ў цэлым нават не толькі наш народ, але і госці ацэньваюць вашу работу нядрэнна. За гэта я вам вельмі ўдзячны", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт комплексна прааналізаваў вынікі работы ведамства, спыніўшыся на кожным з напрамкаў работы МУС. Кіраўнік дзяржавы адзначаў як станоўчыя змяненні, так і ўказваў на недахопы.
Асаблівы акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на рабоце МУС па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў, карупцыйнымі і эканамічнымі злачынствамі. Прэзідэнт канстатаваў, што пэўны вынік па гэтых напрамках ужо ёсць. Пры гэтым ён запатрабаваў жорсткіх пакаранняў за злачынствы ў гэтых сферах.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на неабходнасць прафілактычных мер. "Самая добрая прафілактыка - гэта не расказ і інфармаванне, гэта таксама трэба рабіць, але самая моцная прафілактыка - гэта непазбежнасць пакарання, самае жорсткае пакаранне тых, хто лезе ў дзяржаўную кішэню, калі гавораць аб эканоміцы, і тых, хто пазбаўляе жыцця і здзекуецца з чалавека", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Дзяржаўны кантроль за эканамічнымі працэсамі важны і аб'ектыўна неабходны. Аднак гэта работа павінна ў сваёй аснове мець папераджальны характар, а калі вінаваты - атрымлівай па поўнай!" - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што меры, якія прымаюцца міліцыяй, павінны заўсёды абапірацца на атрыманую дакладную інфармацыю аб парушэннях у гаспадарчай дзейнасці. "Пры гэтым на ўсіх стадыях разбору ў дзеяннях праваахоўнікаў не павінна быць абвінаваўчага ўхілу. Акцэнт павінен быць зроблены на канчатковы вынік гаспадарчай дзейнасці, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Важна ў гэтай рабоце не гонка за паказчыкамі. Ставіць у аснову не колькасць выяўленых злачынстваў і суму ўрону, а атрыманы эканамічны эфект для краіны".
Прэзідэнт абазначыў прыярытэты ў далейшай рабоце МУС.
Органам унутраных спраў трэба нарошчваць намаганні ў спыненні і прадухіленні распаўсюджання наркаманіі, кардынальна ўзмацніць барацьбу з крадзяжамі, змяніць сітуацыю са злачыннасцю ў вёсцы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыярытэтную ўвагу МУС неабходна ўдзяляць абароне дзяцей і пажылых грамадзян ад злачынных замахаў.
У ліку прыярытэтаў таксама процідзеянне эканамічнай злачыннасці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэтым напрамку хацеў бы больш актыўнай работы з боку ведамства.
Сённяшняя сітуацыя патрабуе самага ўважлівага падыходу да падбору і расстаноўкі кадраў. "Вы на правільным шляху. Нельга спыняцца. Тых, хто заслугоўвае, трэба падтрымліваць, заахвочваць, узнагароджваць і прысвойваць званні. Здрадніцтва недапушчальна", - падкрэсліў беларускі лідар.
Акрамя таго, перад МУС пастаўлена задача глыбока і ўсебакова прааналізаваць стан крымінагеннай абстаноўкі, вылучыўшы галоўныя прычыны і ўмовы змяненняў, што адбываюцца. "Нельга дзейнічаць усляпую", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адна задача заключаецца ў пераглядзе расстаноўкі існуючых сіл і сродкаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў завяршыць аптымізацыю структуры органаў унутраных спраў у 2016 годзе. "Нам патрэбны якасны і эфектыўны склад МУС, які будзе рэнтабельным", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў узмацніць адказнасць і выканальніцкую дысцыпліну. "Хацелася б вас узбуйніць, каб было менш начальнікаў аддзелаў, узмацніць функцыі, мы ўсё роўна пойдзем гэтым шляхам і ў цывільных ведамствах", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Мы не будзем чапаць людзей на перадавой, а асабліва па тых цяжкіх напрамках, дзе ў нас ёсць праблемы", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што структура органаў унутраных спраў не можа доўга заставацца статычнай, яна павінна адпавядаць бягучай абстаноўцы.
Прэзідэнт запатрабаваў праяўляць прынцыповасць да тых, хто парушае закон. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на неабходнасць падтрымання чысціні радоў унутры саміх органаў унутраных спраў. "Вы павінны быць непадкупныя. Міліцыя пранізвае ўсё грамадства. Па вашых дзеяннях мяркуюць аб уладзе ў цэлым", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава будзе і ў далейшым надаваць прыярытэтнае значэнне пытанням барацьбы са злачыннасцю, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян. "Нараўне з падтрымкай органаў унутраных спраў мае патрабаванні і спагнанне ў гэтай сферы заўсёды будуць вельмі высокімі", - адзначыў ён.
"Я не магу прад'явіць вам вялікіх прэтэнзій ні па адным з пытанняў. У цэлым вы працуеце нармальна. Але ёсць пэўныя напрамкі, дзе трэба значна змяніць сітуацыю. Я вельмі хацеў бы, каб вы гэта зрабілі не адкладаючы на доўгі час", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.