22 красавіка, Мінск /Васіль Малашэнкаў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер быць 9 мая ў Мінску і прымаць парад да 70-годдзя Перамогі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 18 красавіка журналістам на рэспубліканскім суботніку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт Беларусі таксама растлумачыў, што ваенны парад можа прымаць толькі галоўнакамандуючы.
"Гэта недапушчальна, калі няма галоўнакамандуючага, а столькі войскаў выведзена ў сталіцу, гэта наогул, у прынцыпе непрымальна. У Беларусі па Канстытуцыі, акрамя галоўнакамандуючага, ніхто не можа прымаць парад. Таму або парада не будзе, або будзе. Калі ёсць Прэзідэнт - будзе парад", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт 9 мая будзе ў Мінску. "У нас 9 мая будзе свой такі ж парад, як у Маскве", - сказаў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ён усё ж такі наведае Маскву. "Напэўна, 7-8 мая мы зможам з дэлегацыямі з Беларусі наведаць Маскву, прадэманстраваць наша адзінства з рускім народам і іншымі. Магчыма, ускладзём вянкі да магілы Невядомага салдата, як мы гэта робім. 8 мая там будуць мерапрыемствы ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ, таму я, зразумела, не магу не прыняць у гэтым удзел. Пастараюся 8 мая, няхай нават ноччу, вярнуцца дадому. Я так на сённяшні дзень планую", - падкрэсліў Прэзідэнт.