25 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Любы шлях дэбюракратызацыі - гэта правільны шлях. Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы сёння даклад па пытанні ўдасканалення парадку ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці і ўзмацнення кантролю ў гэтай сферы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Любы шлях дэбюракратызацыі - шлях правільны, але ўсюды ёсць межы, якія мы ні ў якім разе ў цяперашняй сітуацыі, на цяперашнім этапе развіцця не павінны перайсці", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што ні ў якім выпадку нельга дапусціць паўтарэння сітуацыі, што адбылася ў холдынгавай кампаніі "Пінскдрэў", калі былі парушаны прынцыпы бяспекі. "Тут спрашчацца і практыкавацца нельга", - сказаў кіраўнік дзяржавы. На яго думку, пытанням бяспекі людзей на вытворчасці павінна ўдзяляцца асаблівая ўвага.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам гаворыцца аб стварэнні спрыяльнага клімату для бізнесу і забеспячэнні нармальных празрыстых умоў яго вядзення. У час даклада абмяркоўваюцца змяненні, якія прапануюцца ва ўказы Прэзідэнта, што датычацца пытанняў ліцэнзавання.
У прыватнасці, прапануецца, каб дзеянне ліцэнзій замест цяперашніх 5-10 гадоў мела бестэрміновы характар. Пры гэтым прапануецца істотна скараціць колькасць дакументаў, неабходных для іх атрымання. Заяўкі ў ліцэнзуючы орган можна будзе накіроўваць па пошце або ў электронным выглядзе. Прапануецца таксама, каб паўнамоцтвы па ануляванні дазвольных дакументаў перадаваліся толькі ў кампетэнцыю суда.
Аляксандр Лукашэнка задаў рэзоннае пытанне: "Наколькі эфектыўныя прапанаваныя метады?". "Калі сапраўды дэбюракратызуецца сістэма і будуць ліквідаваны лішнія адміністрацыйныя бар'еры, якія перашкаджаюць, гэта нармальна і гэтым шляхам пойдзем", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён запатрабаваў, каб "якасць і бяспека паслуг і тавараў былі захаваны, і гэта - бар'ер у выглядзе ліцэнзавання".