27 студзеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узмацніць уладу кіраўнікоў на месцах і павысіць выканальніцкую дысцыпліну. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы рашэнне аб кадравых назначэннях сярод кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Размаўляючы з кіраўнікамі выканаўчых камітэтаў рознага ўзроўню і кіраўнікамі раённых адміністрацый гарадоў, Прэзідэнт звярнуў іх увагу на шэраг важных аспектаў.
"Сёння няпроста ўсім, але вам перш за ўсё, таму што вы твар у твар з людзьмі. Таму я вам вельмі ўдзячны. Я разумею, што людзі на вашых пасадах не самыя багатыя нават у нашай краіне. Таму мы сёння праводзім мерапрыемствы па аптымізацыі структур, у тым ліку скарачэнні. Гэтага вам баяцца не трэба. Паралельна мы павінны, вы перш за ўсё, узмацніць выканальніцкую дысцыпліну. Нават у рамках цяперашніх заканадаўчых актаў вы маеце вялікія правы і паўнамоцтвы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Разам з тым Прэзідэнт лічыць, што ўладу кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў можна ўзмацніць. "Любы член выканкама, любая службовая асоба, якая пражывае на тэрыторыі раёна, павінна прыйсці ў выканкам і даць справаздачу. Не трэба дзяліць уладу. Вы галоўныя прадстаўнікі Прэзідэнта ў канкрэтным раёне на канкрэтнай пасадзе. Прыняў рашэнне выканкам - абавязкова для выканання ўсім у рамках закону. Не падабаецца начальніку раённага аддзела ўнутраных спраў, пракурору або начальніку ўпраўлення Камітэта дзяржбяспекі - яго права абскардзіць па інстанцыі. Але, калі гэта справядлівае і сумленнае рашэнне, ніхто яго не адменіць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Іх уладу (мясцовых органаў улады) трэба ўзмацняць. У сувязі з тым што мы скарачаем дзяржаўны апарат, прытым значна будзем скарачаць".
Важным напрамкам у рабоце мясцовай улады павінна стаць узаемадзеянне з людзьмі. "Запушчана да немагчымасці. Мы вярнуліся да практыкі ўгавораў насельніцтва, што трэба прысядзібныя ўчасткі ў парадку ўтрымліваць, агароджы рамантаваць, дом пафарбаваць... Людзям трэба аддаваць распараджэнні, патрабаваць ад іх. Калі яны вас не чуюць, вы павінны прымаць радыкальныя меры. Мы можам захламіць краіну так, што потым ніколі не адчысцімся, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Давайце больш улады старшыням сельскіх Саветаў і патрабуйце з іх. Напішыце ім дзесяць пунктаў, па якіх яны павінны прымаць рашэнні".
Прэзідэнт прывёў у прыклад асобныя пункты дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства. Адно з палажэнняў дакумента, у прыватнасці, дае права старшыням сельскага Савета вызваляць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. "Нават калі старшыня ў адным-двух выпадках памыліцца, краіна ад гэтага не пацерпіць. Вы выправіце, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Вы больш давайце магчымасцей (і адказнасці будзе больш) на месцах людзям: кіраўнікам прадпрыемстваў, старшыням сельскіх Саветаў".
З асаблівай адказнасцю выканаўчыя органы ўлады павінны падысці да пасяўной кампаніі, што набліжаецца. "Ужо сёння трэба думаць аб тым, як гэта рабіць. У кожным раёне дзве-тры цяжкія гаспадаркі. І вы ведаеце маё патрабаванне: гэта вашы гаспадаркі. Вы павінны бачыць гэтыя прадпрыемствы. Аж да таго каб перавесці на ручное кіраванне, але вы павінны ўсім паказаць, што і там можна працаваць, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы вельмі шмат грошай укладвалі і ўкладваем у развіццё інфраструктуры сельгаспрадпрыемстваў, асабліва ў закупку тэхнікі, машынныя двары, комплексныя зернесушылкі, збожжатакі, фермы. Вы ведаеце, што я гэту тэму ўзяў на асабісты кантроль і даручыў міністру ўнутраных спраў і генеральнаму пракурору - аж да ўзбуджэння крымінальных спраў за безгаспадарчасць, якая часам існуе на прадпрыемствах".
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што, прывёўшы ў парадак тэрыторыі прадпрыемстваў і правільна арганізаваўшы там работу, можна скараціць затраты на 30 працэнтаў. "Вазьміце гэта на кантроль. Не возьмеце - запатрабаванне будзе з вас. Сёння ідзе аналіз гэтай работы па ўсёй краіне, і ніхто вас не абароніць, ніякі губернатар. Бярыце ўсё ў свае рукі і кіруйце", - падкрэсліў беларускі лідар.
Яшчэ адной важнай задачай, якая стаіць перад органамі мясцовай улады, павінна стаць аднаўленне работы раённых прадпрыемстваў. "Вы не гаспадары, калі ў вас няма будаўнічай арганізацыі, калі ў вас няма сельгастэхнікі", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу службовых асоб на недапушчальнасць учынення злачынстваў і правапарушэнняў. "Вы твар у твар з народам. Наш народ самы справядлівы. Нашы людзі ўбачаць усё, таму не падстаўляйцеся. Калі вы нават падумалі штосьці - гэта з часам будзе вядома: такое ў нас грамадства, з абвостраным пачуццём справядлівасці. Таму я вас прашу: не чапайце чужое, асабліва дзяржаўнае, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Гэта сур'ёзнае пытанне. Тут я ніколі не адступлю. Не трэба браць чужое".
Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Качанавай было даручана ўстанавіць прамыя кантакты з кіраўнікамі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, каб у выпадку неабходнасці абмеркаваць праблемы або пытанні, якія назбіраліся. "Трэба, каб яны са мной перагаварылі, вы мне скажыце - я ім пазваню, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Наталлі Качанавай. - Яны павінны мець пэўны доступ да Прэзідэнта: праз кіраўніка Адміністрацыі, прэм'ер-міністра - гэта трэба зрабіць".
Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў падтрымцы кіраўнікоў, якія праявілі сябе. "Іх трэба цаніць і падтрымліваць, асабліва нашых аксакалаў, якія працуюць на такіх пасадах, непасрэдна перад людзьмі па 7-10 гадоў", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.