13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Г
убернатары павінны займацца развіццём спорту ў рэгіёнах гэтак жа, як і пасяўной. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе аб развіцці зімовых відаў спорту, перадае карэспандэнт БЕЛТА.Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, губернатары павінны займацца развіццём спорту ў рэгіёнах не менш, чым пасяўной кампаніяй. "Гэта іх хлеб і работа. Гэтак жа, як пасяўная кампанія, гэтак жа і спорт, якому мы павінны ўдзяляць сур'ёзную ўвагу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Адказным службовым асобам ва ўрадзе і Адміністрацыі Прэзідэнта даручана вызначыць крытэрыі, каб кожная вобласць прадэманстравала сябе ў летніх і зімовых відах спорту. "І мы будзем даваць ацэнку рабоце губернатараў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён папракнуў кіраўнікоў рэгіёнаў, што тыя не праяўляюць патрэбнай ініцыятывы і не займаюцца спартыўнай сферай. "Вы што, самі не бачыце, што гэта мы павінны рабіць, гэта наша работа, здароўе людзей, у рэшце рэшт, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Думаю, што гэта будзе апошняя наша размова з губернатарамі на гэту тэму".
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў многіх гарадах пабудаваны лядовыя арэны і каткі, аднак гэтыя пляцоўкі не выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі маладых спартсменаў. "Чаму на базе гэтых каткоў няма хакейнай школы і каманды, якая ў чэмпіянаце Беларусі гуляла б? Стварайце ўмовы, каб туды прыйшлі добрыя хакеісты. Праз два гады, дрэнна або добра, але іх будуць тысячы", - дадаў кіраўнік дзяржавы.