2 жніўня, Мазырскі раён /Кар. БЕЛТА/. Гомельскую вобласць трэба прыводзіць у парадак. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час сустрэчы з жыхарамі аграгарадка Прудок, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нам трэба Гомельскую вобласць у парадак прыводзіць. Цэлага міністра вам накіравалі (старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко да гэтага ўзначальваў Мінсельгасхарч. - Заўвага БЕЛТА). Гэта ўжо сорамна будзе, калі вы не адродзіце Гомельскую вобласць. Але ў яго заўсёды праблемы: у мінулыя гады ён мне ўсё скардзіўся, што высахла ўсё, у гэтым годзе, гаворыць, заліло. Вы ведаеце, мы жывём у такой зоне, дзе то засушыць, то залье", - канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў: вясной многія лічылі, што летам надвор'е будзе засушлівае і ўвесь ураджай можа загінуць. Аднак выйшла наадварот.
"Я вас папярэдзіў, што будзе перыядамі: будуць ісці дажджы і будзе суха. Гэта добра, асабліва для Гомельскай вобласці. Вы ж не Гродзенская вобласць і не Украіна, дзе чарназём: у нас жа пясочку тут хапае. Але, шчыра кажучы, гамяльчане аказаліся не гатовымі да гэтай сітуацыі, таму рабіце вывады. Думайце, што вырошчваць будзем. Але Гомельскую вобласць трэба прыводзіць у парадак. Вельмі дрэнна працуюць аграрыі нашы, недаворваем палі: палавіну ўзаралі, палавіну кінулі. Таму мы тут з Іванам Іванавічам за зіму падумаем, як. Але і людзям трэба дысцыпліну падцягваць. Спадзявацца на тое, што да нас хтосьці прыйдзе, зробіць - чаго спадзявацца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Вы ў добры дзень прыехалі: сёння свята Ілія (дзень прарока Іліі. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначылі жыхары аграгарадка.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што яшчэ не зроблена пасля ўрагану, які прайшоў у ліпені, ці дапамаглі мясцовыя ўлады з аднаўленнем пабудоў і рамонтам дамоў.
"Усё зрабілі!" - адгукнуліся грамадзяне.
"Я хачу праверыць начальнікаў, ці паспяваюць яны зрабіць тое, аб чым дамаўляліся", - растлумачыў Прэзідэнт.
"Паспяваюць!" - заявілі мясцовыя жыхары.
"Дахі, каму сарвала, зрабілі? Я маю на ўвазе дахі дамоў. Усё трэба аднавіць, як было. Кроквенная сістэма, латы, шыфер - усё гэта зрабілі, так? Добра. Электрычнасць падалі, падвялі да кожнага дома? Гэта таксама добра. Гэта значыць жыццё адноўлена", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як расказалі кіраўніку дзяржавы, у выніку непагоды было пашкоджана шмат гаспадарчых аб'ектаў, адміністрацыйных будынкаў і жылых памяшканняў. "Але ўсё было адноўлена ў першыя дні", - заявілі жыхары.
Ураган 14 ліпеня пакінуў без святла і вады сотні населеных пунктаў па ўсёй краіне. Найбольшы ўрон быў нанесены Гомельскай вобласці.
У рэгіёне былі абясточаны 46 высакавольтных ліній, адключаны 5813 трансфарматарных падстанцый і 52 кацельні. У выніку без электрычнасці засталіся 1175 населеных пунктаў, 5 раёнаў былі поўнасцю абясточаны. Ураган таксама пашкодзіў больш за 30 тыс. га насаджэнняў у лясной гаспадарцы, а гэта больш за 3,8 млн кубаметраў драўніны.
У гэты ж вечар у Гомельскай вобласці была аб'яўлена надзвычайная сітуацыя і сфарміраваны аператыўны штаб па ліквідацыі наступстваў непагоды.
Больш за ўсё ад стыхіі пацярпеў Мазырскі раён, туды былі сцягнуты аварыйныя брыгады з суседніх, менш пацярпелых раёнаў.
Аляксандр Лукашэнка адразу ж узяў ход аднаўленчых работ у краіне на асабісты кантроль. Аб сітуацыі Прэзідэнту штодзень дэталёва дакладвалі віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак, старшыні Магілёўскага, Мінскага і найбольш падрабязна - Гомельскага аблвыканкамаў. Менавіта сітуацыі ў Гомельскай вобласці, якая больш за ўсіх пацярпела ад удару стыхіі, была ўдзелена асаблівая ўвага.
Брыгады энергетыкаў, спецыялістаў лясной гаспадаркі і іншых галін былі максімальна мабілізаваны і задзейнічаны ў поўным аб'ёме. Асноўныя аварыйныя работы былі завершаны на працягу бліжэйшых сутак. Аднак у цэлым ліквідацыя наступстваў стыхіі будзе прадаўжацца яшчэ не адзін месяц.