15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду прымаць меры ў адказ у выпадку стварэння бар'ераў для экспарту беларускай прадукцыі на Захад. Такое даручэнне кіраўнік дзяржавы даў сёння ў час наведвання Мінскага трактарнага завода, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наконт Захаду: яны (прадстаўнікі заходніх краін. - Заўвага БЕЛТА) у мяне бываюць, і я іх папярэдзіў. Хачу, каб урад гэта рэалізаваў. Мы іх папярэдзілі: вы закрыліся ад нас, мы закрыемся ад вас і паглядзім, як вы праз Балтыку або Украіну будзеце гандляваць", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нават ва ўмовах увядзення Расіяй санкцый у адказ адносна шэрага заходніх тавараў, Беларусь не спыняла супрацоўніцтва з пастаўшчыкамі на Захадзе.