Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Стд 2018

Лукашэнка даручыў у перспектыве зраўнаваць аб'ёмы экспарту і паставак лякарстваў на ўнутраны рынак

26 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання фармпрадпрыемства "Мінскінтэркапс" даручыў у перспектыве дасягнуць парытэту па аб'ёмах паставак лекавых сродкаў на экспарт і ўнутраны рынак Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нам трэба выходзіць на суадносіны 50/50, і ў той жа час, каб айчынны рынак рос", сказаў беларускі лідар.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, у мінулым годзе на экспарт беларускія вытворцы адправілі лекавых сродкаў на суму каля $150 млн. Пры гэтым усяго за 2017 год, паводле папярэдняй ацэнкі, выраблена фармпрадукцыі на Br1 млрд, што складае ў эквіваленце больш як $500 млн.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу і на пытанне цэнаўтварэння на лекавыя сродкі, падкрэсліўшы, што кошт адпаведнай прадукцыі павінен быць адэкватным і не завышацца. Для гэтага ў тым ліку неабходна прадоўжыць актыўную работу з вытворцамі і пастаўшчыкамі, старацца максімальна выключыць магчымасць удзелу разнастайных пасрэдніцкіх структур. "Хацелася б, каб вы не па ўказцы Прэзідэнта правяралі цэны на лякарствы, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы разбяромся ў бліжэйшы час. Гэта нядобра, што спецслужбы будуць займацца цэнамі на лякарствы".

Прэзідэнт таксама цікавіўся аб'ёмамі вытворчасці айчынных лякарстваў, функцыянаваннем галіны ў цэлым, існуючай працэдурай закупкі імпартных лекавых сродкаў, станам канкурэнтнага асяроддзя. Аляксандру Лукашэнку падрабязна далажылі аб рабоце холдынга "Белфармпрам" і прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яго склад.

Кіраўніку дзяржавы таксама далажылі аб выкананні даручэнняў па развіцці фармацэўтычнай прамысловасці і забеспячэнні ўнутранага рынку айчыннымі лекавымі сродкамі. Абмяркоўвалася рэалізацыя інвестпраектаў па мадэрнізацыі фармпрамысловасці, у тым ліку на прадпрыемстве "Мінскінтэркапс", фінансава-эканамічны стан і перспектывы развіцця галіны.

Прэзідэнт азнаёміўся з найноўшымі медпрэпаратамі, якія вырабляюцца на айчынных прадпрыемствах, наведаў вытворчыя ўчасткі "Мінскінтэркапса", лабараторыі кантролю якасці лякарстваў.

За мінулы год у Беларусі выраблена фармпрадукцыі на суму больш за Br1 млрд, што ў фактычных цэнах у 3,8 раза больш, чым у 2012 годзе, або ў 1,7 раза ў доларавым эквіваленце.

Міністэрствам аховы здароўя вядзецца планамерная работа па мадэрнізацыі і тэхнічным перааснашчэнні фармацэўтычных вытворчасцей, асваенні новых вытворчасцей імпартазамяшчальных лекавых сродкаў.

У 2012-2017 гадах зарэгістравана і асвоена вытворчасць 776 новых лекавых сродкаў, завершана 30 праектаў агульным коштам $250 млн (прыцягнута больш за $56 млн прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове). Айчынныя фармпрадпрыемствы актыўна працуюць і на рынках замежных краін.

У цэлым рэалізацыя інвестыцыйных і інавацыйных праектаў дала магчымасць стварыць новую фармацэўтычную галіну краіны з высокарэнтабельнай вытворчасцю, якая адпавядае міжнародным стандартам належнай вытворчай практыкі. Забяспечана лекавая бяспека і імпартазамяшчэнне лекавых сродкаў на ўзроўні больш як 50 працэнтаў рынку ў вартасным выражэнні. Пры гэтым у арганізацыях аховы здароўя доля айчынных лякарстваў у вартасным выражэнні - больш за 70 працэнтаў, а ва ўпакоўках - больш за 80 працэнтаў.

Цяпер зарэгістравана больш за 1,5 тыс. гандлёвых назваў беларускіх лякарстваў, якія даюць магчымасць эфектыўна лячыць практычна ўсе асноўныя захворванні - анкалагічныя, цукровы дыябет, сардэчна-сасудзістыя, туберкулёз.

Айчынныя вытворцы пастаўляюць на ўнутраны рынак 40 працэнтаў лякарстваў па адпускной цане менш як Br2, па адпускной цане ад Br2 да Br4 - 21,8 працэнта і 21,9 працэнта - коштам ад Br4 да Br10. У аптэках забяспечаны доступ насельніцтва да якасных лекавых сродкаў любых цэнавых катэгорый. Пры гэтым айчынныя аналагі выгадна адрозніваюцца па кошце.

Адзначаецца, што перад галіной стаяць такія задачы, як павелічэнне вытворчасці інавацыйнай прадукцыі, нарошчванне экспарту, павышэнне канкурэнтаздольнасці і інвестыцыйнай прывабнасці фармгаліны і шэраг іншых.

Што датычыцца прадпрыемства "Мінскінтэркапс", то яно за 22 гады работы прайшло шлях ад дробнага вытворцы да значнага ўдзельніка фармацэўтычнага рынку Беларусі, стварыла свой брэнд, сфарміравала станоўчы імідж надзейнага і якаснага вытворцы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі