26 кастрычніка, Ліда /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час наведвання Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы даручыў на працягу наступнага года закрыць праблему з няхваткай апаратаў МРТ у Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як расказалі кіраўніку дзяржавы, цяпер ёсць пяць апаратаў МРТ у Гродне і адзін у Астраўцы, яшчэ неабходна паставіць такое абсталяванне ў Ліду і Ваўкавыск.
"Пакуль ты адзіны ў свеце ўрач - губернатар, трэба за будучы год вырашыць гэту праблему. Калі крыху трэба дапамагчы, скажаш. Без МРТ няма нармальнага дыягназу, лячэння", - паставіў Аляксандр Лукашэнка задачу губернатару Гродзенскай вобласці Уладзіміру Караніку.
У бальніцы старшыня Гродзенскага аблвыканкама далажыў кіраўніку дзяржавы аб эпідэміялагічнай сітуацыі і арганізацыі ўсіх відаў медыцынскай дапамогі ў вобласці. У рэгіёне паказчык захваральнасці на каранавірусную інфекцыю за апошнія два тыдні знізіўся на 6,5 працэнта.
Цяпер для лячэння і рэабілітацыі пацыентаў з COVID-19 вылучана прыкладна 3,4 тыс. ложкаў, або 35 працэнтаў ад існуючага фонду. Перапрафіляванне ложкаў ажыццяўляецца паэтапна па меры неабходнасці. На гэты момант захаваны ўсе віды планавай дапамогі. Арганізацыі аховы здароўя вобласці ў дастатковай колькасці забяспечаны апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх, ложкавы фонд забяспечаны 1725 кіслароднымі кропкамі.
"Мы ўзялі максімальную захваральнасць пры першай хвалі. Вобласць сёння - далёкая ад таго максімальнага ўзроўню: пакуль 80 працэнтаў. Адзіная вобласць. Мінск трымаецца прыкладна на 101 працэнт, гэта значыць крыху вышэй за той узровень", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама выказаўся аб забяспечанасці бальніц кіслародам. Ён звярнуў увагу, што на гэтай тэме спрабуюць узбударажыць грамадства - маўляў, у медыцынскіх установах нібыта не хапае кропак з кіслародам для пацыентаў. "У нас толькі 52 працэнты занята, таму што не хапае кропак для кіслароду", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прыкладна такая ж сітуацыя і з апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх: у той жа Гродзенскай вобласці для пацыентаў з COVID-19 была вылучана палова ад існуючых апаратаў ШВЛ. З гэтай паловы цяпер занята толькі 44 працэнты, альбо 23 працэнты ад усёй колькасці.
Аб рабоце Лідскай ЦРБ ва ўмовах пандэміі Прэзідэнту далажыў галоўны ўрач установы Вадзім Трубчык.
На базе Лідскай ЦРБ функцыянуюць 11 міжраённых стацыянарных аддзяленняў. Агульны ложкавы фонд складае 1052 ложкі, з іх 862 знаходзяцца ў самой Лідзе.
З перапрафіляваных для лячэння пацыентаў з COVID-19 ложкаў 198 размешчаны ў акушэрскім корпусе, 30 размешчаны ў тэрапеўтычным, 80 - у пульманалагічным і яшчэ 30 - у отарыналарынгалагічным. Таксама працуе інфекцыйнае аддзяленне на 35 ложкаў. Для цяжкіх пацыентаў у бальніцы вылучана 18 рэанімацыйных ложкаў.
Цяпер на перапрафіляваных ложках знаходзяцца 345 кавідных пацыентаў, у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі - 20 хворых, 7 з іх - на ШВЛ, яшчэ трое - на неінвазіўнай ШВЛ. Усяго ў наяўнасці 26 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Кіслародную падтрымку атрымліваюць 149 пацыентаў.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія праблемы цяпер ёсць ва ўстанове, ці хапае бальніцы кадраў і абсталявання, ці няма пытанняў з аказаннем планавай медыцынскай дапамогі і ці поўнасцю забяспечаны пацыенты з COVID-19 неабходным лячэннем, асабліва кіслародам.
Паводле слоў галоўнага ўрача, ніякіх праблемных пытанняў у рабоце ўстановы няма. Адзінае, неабходна падтрымка ва ўстаноўцы кіслароднага абсталявання ў рэканструяваным хірургічным корпусе. Як запэўніў губернатар, вобласць выдзеліць неабходныя сродкі.
"Тут шкадаваць не трэба. Трэба гэту сетку правесці, - падкрэсліў Прэзідэнт. - На гэтым эканоміць нельга".
На тэрыторыі бальніцы праектуецца новы корпус, які павінен аб'яднаць малыя карпусы і стаць апорнай клінікай. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу: цяпер вывучаецца пытанне, дзе неабходна пабудаваць новыя медыцынскія ўстановы. "Нам трэба вызначыцца, дзе проста нельга не пабудаваць, - сказаў ён. - Таму пажадана, каб вы ў наступным годзе паклалі мне на стол гэтыя разлікі. Тут, хутчэй за ўсё, трэба (пабудаваць новы корпус. - Заўвага БЕЛТА)".
Наведваючы Лідскую ЦРБ, Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з парадкам аказання меддапамогі пацыентам з COVID-19 у перапрафіляваных аддзяленнях.