19 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дэпутатам падысці прынцыпова да разгляду законапраекта аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка па выніках сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Уладзімір Андрэйчанка расказаў, што 3 кастрычніка адкрываецца чарговая сесія Палаты прадстаўнікоў пятага склікання. "На гэтай сесіі мы плануем разгледзець каля 20 пытанняў, галоўнае з іх - праект рэспубліканскага бюджэту на 2017 год, - адзначыў ён. - Прэзідэнт звярнуў сур'ёзную ўвагу, каб дэпутаты прынцыпова падышлі да разгляду гэтага важнага дакумента, што будзе намі і зроблена".
Паводле слоў старшыні Палаты прадстаўнікоў, законапраект аб рэспубліканскім бюджэце ўжо разглядаецца ў пастаянных камісіях, прайшло пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, а 21 верасня адбудзецца нулявое чытанне з удзелам прэм'ер-міністра і членаў урада. "Мы разгледзім пытанні, якія не ўзгоднены, улічым прапановы і заўвагі мясцовых органаў улады і дэпутатаў", - растлумачыў Уладзімір Андрэйчанка. Ён дадаў, што законапраект, як чакаецца, будзе прыняты дэпутатамі пятага склікання.
У час сустрэчы таксама абмяркоўвалася арганізацыя сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, якое запланавана на 7 кастрычніка. "Плануецца, што ў ім прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі. Будзе дадзена ацэнка вынікам работы Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі і вызначаны задачы для новага складу парламента", - расказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Акрамя таго, Уладзімір Андрэйчанка далажыў кіраўніку дзяржавы аб правядзенні ў 2017 годзе ў Беларусі сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, у якой прымуць удзел прадстаўнікі 57 дзяржаў. Аляксандр Лукашэнка даручыў беларускім парламентарыям правесці неабходную арганізацыйную работу, каб мерапрыемства прайшло на самым высокім узроўні.