20 кастрычніка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў дакладна вызначыць межы адказнасці насельніцтва за захаванасць жыллёвага фонду. Аб гэтым ён заявіў сёння на рэспубліканскім семінары "Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я ўжо некалькі разоў гаварыў: нам трэба данесці, паколькі жыллё практычна ўсё прыватызавана, што павінна рабіць насельніцтва, а што павінны рабіць мы. Напрыклад, не будзе ж насельніцтва рамантаваць непасрэдна трубы, па якіх падаецца газ у дамы. Гэта клопат дзяржавы. Не будзе ў дамах агульнага карыстання насельніцтва рамантаваць дах - яно можа паўдзельнічаць у гэтым нейкім чынам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён даручыў канкрэтна разабрацца ў гэтым пытанні. "Але трэба мець на ўвазе, што не кожны чалавек, нават калі ён прыватызаваў жыллё, можа справіцца з работамі. Розныя людзі ёсць - старыя, інваліды, нядужыя. Мы ім таксама павінны ў чым-небудзь дапамагчы", - адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што жыллёва-камунальнымі паслугамі штодзень карыстаецца ўсё насельніцтва краіны. "Задаволенасць людзей узроўнем, якасцю, даступнасцю жыллёва-камунальных паслуг уплывае непасрэдна на сацыяльна-палітычную абстаноўку і настроі ў грамадстве. Гэта вельмі важна. Але яшчэ адна важнейшая рэч - мы ж даплачваем, датуем жыллёва-камунальныя паслугі. 100 працэнтаў у нас ніхто ЖКП не аплачвае. Таму лічу, што жыллёва-камунальная сфера - прыярытэт нумар адзін для кіраўнікоў рэгіёнаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, згодна з дакладамі сёння ў галіне зроблена многае ў плане зніжэння сабекошту, павышэння якасці паслуг і развіцця тэхналогій. "Тое, што 66 працэнтаў насельніцтва рэспублікі станоўча ацэньвае работу жыллёва-камунальных службаў у сваім раёне, горадзе, - гэта ўжо нядрэнна. Праўда, я сумняваюся, што амаль 70 працэнтаў так задаволены або хоць крыху задаволены развіццём ЖКГ. Дай бог, каб гэта было так. Але давайце лепш ставіць пад сумненне, каб лепш працаваць. Не трэба забываць, што амаль трэць апытаных дае ёй негатыўную ацэнку. Па значнасці для насельніцтва гэтыя пытанні займаюць другое месца пасля занятасці. І пакуль у краіне чуваць крытыку адносна сістэмы, супакойвацца рана", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Найбольшую занепакоенасць у людзей выклікае кошт паслуг. Сярод недахопаў у рабоце галіны таксама называюцца тэрміны капітальнага рамонту дамоў, якасць пітной вады, нездавальняючы стан дарог, дрэннае асвятленне вуліц, утрыманне пад'ездаў і дваровых тэрыторый і іншыя.