17 чэрвеня, Гомель /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў на працягу двух гадоў завяршыць будаўніцтва ў Гомелі новай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і аснасціць гэту медустанову самым сучасным абсталяваннем. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, наведваючы ў Гомелі будаўнічую пляцоўку аб'екта па рэканструкцыі дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы дамовіліся, што гэта будзе самая сучасная бальніца. Гэта дзеці, і абсталяванне павінна быць адпаведным", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Асобныя даручэнні Аляксандр Лукашэнка даў адносна крыніц фінансавання будаўніцтва. Ён адзначыў, што ўдзельнічаць у гэтым павінны ўсе: і рэспубліканскі, і абласны, і гарадскі бюджэты, а таксама мецэнаты і бізнесмены. "Я гатовы сваю зарплату аддаваць. Трэба збіраць пакрыху, каб гэта была агульнанародная будоўля, а не спадзявацца толькі на рэспубліканскі бюджэт", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік прапанаваў, каб неабходнае фінансаванне ў аб'ёме амаль Br750 млрд узялі на сябе рэспубліканскі і абласны бюджэты ў суадносінах 50/50. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў такі варыянт, паабяцаўшы зрабіць усё неабходнае для больш хуткай рэалізацыі праекта.
Цяпер Гомельская вобласць адзіная ў рэспубліцы, дзе няма шматпрофільнай дзіцячай абласной бальніцы для аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Бальніца, якая функцыянуе, ужо не адпавядае сучасным патрабаванням і нормам.
У 2016 годзе фінансаванне праектавання і будаўніцтва аб'екта плануецца за кошт сродкаў, заробленых у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, у аб'ёме Br64 млрд.