19 верасня, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Дакументы аб лібералізацыі ўмоў вядзення бізнесу павінны быць дзейснымі. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага па пытаннях удасканалення рамеснай дзейнасці і аграэкатурызму, павышэння ролі Савета па развіцці прадпрымальніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Павінны быць дзейсныя нормы, якія ўжо сёння наспелі для прыняцця, і нормы, якія здымаюць існуючыя бар'еры. Дакументы павінны быць жывымі і дзейснымі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што міністры, якія прадстаўляюць дакументы, нясуць персанальную адказнасць за іх рэалізацыю. "Не дай бог мы нагарадзілі нейкіх норм, якія не дадуць выніку. Гэтага быць не павінна. Пыл у вочы пускаць нікому не трэба", - заявіў ён.
Таксама Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе новаўвядзенні павінны быць прадстаўлены грамадскасці ў выглядзе асобных паўнацэнных дакументаў, а не ў форме ўнясення змяненняў і дапаўненняў ва ўжо існуючыя нарматыўныя прававыя акты.