20 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь не збіраецца згортваць ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй з-за рознагалоссяў у іншых сферах. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння пры дакладзе задумы сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для сродкаў масавай інфармацыі асабліва адзначу, што насуперак меркаванням асобных "экспертаў" ніхто не збіраецца згортваць супрацоўніцтва з Расіяй у ваеннай галіне з-за рознагалоссяў, якія ўзніклі ў іншых сферах. Наадварот, вучэнне з'яўляецца дэманстрацыяй нашага пастаянства ў забеспячэнні бяспекі двух брацкіх народаў", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Як ні складваліся б нашы адносіны ў галіне нафты, газу, прадуктаў харчавання і іншага, гэта ўсё пытанні вырашальныя. Гэта нашы пытанні - Беларусі і Расіі. А вось жартаваць з бяспекай, абараназдольнасцю нашых агульных рубяжоў ні ў якім разе нельга. Гэта не падлягае ніякаму віду гандлю", - падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, міжнародная абстаноўка абавязвае бесперапынна павышаць майстэрства і ўзровень рэгіянальнай групоўкі войскаў для абароны заходніх рубяжоў Саюзнай дзяржавы. "Маючае адбыцца вучэнне з'яўляецца лепшым спосабам праверыць гатоўнасць ваеннаслужачых дзвюх краін да ўзаемадзеяння. Такім чынам мы ўмацоўваем сваю агульную абараназдольнасць і будзем гэта рабіць у далейшым", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што шмат гадоў таму Беларусь і Расія дамовіліся праводзіць такія вучэнні па чарзе на тэрыторыі адной і другой краін, цяпер чарга Беларусі.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што на заходнім напрамку ў Беларусі і Расіі створана магутная групоўка ўзброеных сіл, аснову якіх складае беларуская армія. "У выпадку канфлікту, не дай бог вайны, існуе пэўны план вядзення баявых дзеянняў сіламі беларускіх Узброеных Сіл, якія неадкладна падмацоўваюцца адпаведнымі ўзброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Мы ні ад каго ніколі не ўтойвалі і не ўтойваем, што ў мірны час порах трэба трымаць сухім".