18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь надае асаблівае значэнне парламенцкаму вымярэнню ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы 18 мая з удзельнікамі пасяджэння Савета Парламенцкай асамблеі АДКБ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рэдкі выпадак, калі ўдаецца сустрэцца са сваімі былымі калегамі - парламентарыямі. Вы ведаеце, я сам доўга працаваў у парламенце. Ведаю, што гэта за хлеб. Вы сапраўдныя лідары ад народа сваіх краін, таму мне ўдвая прыемна сёння сустрэцца з прадстаўнікамі нашых народаў", - прывітаў удзельнікаў пасяджэння Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь, з'яўляючыся старшынёй арганізацыі, надае асаблівае значэнне парламенцкаму вымярэнню як неад'емнаму складальніку паспяховай дзейнасці АДКБ, яе ўдасканалення і далейшага развіцця.
"Зразумела, першая і галоўная задача - збліжэнне і гарманізацыя нацыянальных заканадаўстваў. Тут прэтэнзій да нашай Парламенцкай асамблеі ніякіх няма. Вы прапанавалі нацыянальным парламентам шмат мадэльных законаў, частка якіх у Беларусі і іншых краінах з задавальненнем выкарыстоўваецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Не менш актуальнай задачай Парламенцкай асамблеі Прэзідэнт назваў наглядальную функцыю ў час выбарчых кампаній у краінах АДКБ. "Улічваючы градус негатыўных водгукаў аб умовах іх падрыхтоўкі і правядзення з боку ангажыраваных палітычных інстытутаў, бесстароннія ацэнкі нашай асамблеі адыгрываюць ролю станоўчага балансу. Гэта значыць, мы самі сябе, нашы дзяржавы, адзін аднаго ў крыўду не даём. Гэта, безумоўна, аказвае пазітыўны ўплыў на падтрыманне міру і бяспекі ў зоне адказнасці арганізацыі", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.