23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Караля Саудаўскай Аравіі Сальмана бен Абдэль Азіза аль-Сауда, наследнага прынца, намесніка прэм'ер-міністра, міністра абароны Мухамеда бен Сальмана бен Абдэль Азіза аль-Сауда і народ гэтай краіны з Нацыянальным днём. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Беларусь лічыць вашу краіну сваім важным партнёрам на Блізкім Усходзе, імкнецца да далейшага ўмацавання існуючых напрамкаў узаемадзеяння і прапануе сумесна адкрываць новыя гарызонты супрацоўніцтва, - гаворыцца ў віншаванні Каралю Саудаўскай Аравіі. - Упэўнены, што, нягледзячы на часовыя цяжкасці, мы зможам рэалізаваць увесь існуючы патэнцыял двухбаковых адносін у гандлёвай і інвестыцыйнай галінах".
У віншавальным пасланні ў адрас наследнага прынца кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што высокі ўзровень палітычных кантактаў паміж Мінскам і Эр-Рыядам будзе садзейнічаць умацаванню і пашырэнню супрацоўніцтва ў гандлёвай, энергетычнай і гуманітарнай сферах.