26 красавіка, Ляскавічы /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Украіна змогуць справіцца з існуючымі праблемамі дзеля дабрабыту сваіх народаў. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў час сустрэчы з Прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы сёння будзем абмяркоўваць наша будучае, як зрабіць так, каб заўтра беларусы і ўкраінцы жылі лепш. І мы можам гэта зрабіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - З тымі праблемамі, якія ў нас ёсць, мы справімся".
У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў поспехі ў развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. У прыватнасці, у першыя месяцы 2017 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся на 40 працэнтаў. "Ёсць, вядома, шэраг пытанняў, якія трэба вырашыць. Спецыялісты і члены ўрадаў з намі. Мы гатовы, абмеркаваўшы з вамі, прыняць канкрэтныя рашэнні. Хачу запэўніць: усе рашэнні, якія мы сёння з вамі прымем, будуць няўхільна выконвацца з беларускага боку", - заявіў ён.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Палессе, дзе сёння сустракаюцца прэзідэнты Беларусі і Украіны, з'яўляецца роднай зямлёй для народаў абедзвюх краін. "Тут нашы карані, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Аб'ядноўвае нас гэта цудоўная, дзівосная рака - Прыпяць".