6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Рэспубліка Карэя могуць вызначыць шмат напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчую грамату пасла Рэспублікі Карэя ў Беларусі Ёнга Хо Кіма, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Значныя практычныя крокі апошнім часам зроблены ў двухбаковых адносінах з Рэспублікай Карэя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Думаю, на перспектыву можна вызначыць шмат напрамкаў узаемавыгаднага супрацоўніцтва".
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь умацавала кантакты з Рэспублікай Карэя ў навукова-тэхнічнай сферы і ў галіне інфармацыйных тэхналогій, прыцягнула першых інвестараў у Парк высокіх тэхналогій у Мінску. "Урад Карэі выдзеліў Беларусі тэхнічную дапамогу, за якую мы шчыра ўдзячны", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Ёнг Хо Кім адзначыў, што яго дзяржава зацікаўлена ў супрацоўніцтве з Беларуссю. "Я бачу, што Беларусь такая ж высокаразвітая краіна, як і Рэспубліка Карэя. Вашы людзі вельмі сумленныя, вельмі адкрытыя. Беларусь вядома карэйцам як мірная краіна", - сказаў дыпламат журналістам.