14 лютага, Светлагорск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія не абмяркоўваюць стварэнне наднацыянальных органаў, але работа па дарожных картах прадоўжыцца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, стварэнне розных палітычных, наднацыянальных органаў і іншых аб'яднанняў, што было прадугледжана 31-й дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. "Толькі эканамічныя пытанні па інтэграцыі, - растлумачыў Прэзідэнт. - Але па сапраўднай інтэграцыі, а не так, як "плявузгаюць" у сродках масавай інфармацыі ў Расіі: яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі Расіяй. Гэта не інтэграцыя, а інкарпарацыя. На гэта я ніколі не пайду".
Кіраўнік дзяржавы прывёў у прыклад работу над адзінымі падыходамі да падаткаабкладання: на яго думку, краіны павінны пераймаць карысны вопыт адзін аднаго, каб стварыць самы сучасны кодэкс. "Хоць падаткаабкладальная база ў нас розная: у іх ад нафты і газу, у нас ад рэальнага сектара. Розныя сістэмы, але давайце прапрацоўваць. У гэтым няма нічога дрэннага. І гэтак па ўсіх напрамках", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.