17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у гэты няпросты час атрымала адчувальную дапамогу ад сваіх традыцыйных саюзнікаў - Расіі і Кітая. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб актуальных пытаннях знешняй палітыкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пры беспрэцэдэнтным знешнім націску Беларусі аказана шырокая падтрымка нашымі традыцыйнымі саюзнікамі. Найбольш адчувальную дапамогу і падтрымку ў гэты няпросты час мы атрымалі ад Расіі, Кітая і іншых дзяржаў. Тым самым яшчэ раз пераканаліся, што сябры пазнаюцца ў бядзе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама абазначыў перад удзельнікамі нарады актуальныя пытанні. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як будуць далей выбудоўвацца адносіны з Расіяй і Кітаем, як выконваюцца дамоўленасці па выніках кантактаў на вышэйшым узроўні, а таксама пасля візітаў у гэтым годзе ў Беларусь кіраўніцтва расійскіх рэгіёнаў.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што апошнім часам у асобных СМІ, у прыватнасці расійскіх, гучыць крытыка Беларусі за яе шматвектарную палітыку. "Я здзіўляюся і не зусім разумею, чаму супраць нашай шматвектарнасці падскочылі нейкія сілы ў Расійскай Федэрацыі. Нам хацелася б, каб яны сказалі, якія ў сувязі з гэтым яны маюць да нас прэтэнзіі. Мы ж дакладна заявілі аб тым, што наш бліжэйшы саюзнік, родныя нам краіна і народ - гэта Расія і расіяне", - сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што адносіны з Расіяй захоўваліся нават у тыя перыяды, калі ўзнікалі спрэчкі эканамічнага толку. "Мы ніколі не адварочваліся ад Расіі. Ніколі. Нават у той час, калі аб нас выціралі ногі. Вы памятаеце цану на газ на гэты год, калі $95 плаціла Германія за тысячу кубоў, а мы - $127. Калі мы куплялі ў іх нафту і нас прымушалі плаціць за гэта прэмію. Калі нас нахілялі ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, мы паводзілі сябе дастойна", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Што мы не так зрабілі? Калі нехта разумее наш шлях на шматвектарнасць як тое, што мы, цытую, "адварочваемся ад Расіі", - гэта не так, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння палавіна экспарту нашай прадукцыі прадаецца на знешніх рынках далёка ад нас і ад Расіі. Гэты эканамічны вектар нам трэба забяспечваць палітычна, дыпламатычна. Вось і ўся шматвектарнасць. Гэта аксіёма. Любая дзяржава праводзіць такую палітыку. І не трэба тут на нас паказваць пальцам. Калі нехта бачыць, што мы не павінны праводзіць гэту шматвектарную палітыку, а прытрымлівацца толькі аднаго вектара, ну тады трэба прапанаваць нармальныя ўмовы, каб мы не глядзелі ў розныя бакі. Але і гэтага не хочуць".
"Мы вымушаны праводзіць шматвектарную палітыку ў выніку таго, што знаходзімся ў цэнтры Еўропы, мы незалежная суверэнная дзяржава і нас да гэтага падштурхоўвае эканоміка, дабрабыт нашых людзей", - яшчэ раз звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуўся да кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў і ўрада, каб яны дакладна данеслі гэты пункт гледжання да замежных партнёраў Беларусі.