20 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка адзначае спробы нагнятання абстаноўкі ўнутры Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння пры дакладзе задумы сумеснага стратэгічнага вучэння ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2017", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошнія падзеі насцярожваюць нас і даюць магчымасць гаварыць аб тым, што самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
"Я не скажу, што ў нас вельмі шмат праблем у гэтай частцы - нейкага процістаяння нашай беларуска-расійскай групоўкі і падраздзялення Паўночнаатлантычнага блока, які, зразумела, сёння ажывіўся, умацоўваецца, узмацняецца, размяшчае дадатковыя кантынгенты войскаў каля нашых граніц. Нас гэта, шчыра кажучы, хвалюе менш, - адзначыў Прэзідэнт. - Нас больш хвалююць спробы сучаснымі метадамі проціборства, процістаяння нагнятаць абстаноўку ўнутры Беларусі і весці супраць яе адпаведныя дзеянні".
"Маецца на ўвазе спроба нашай "пятай калоны" пры падтрымцы (зноў жа, мы гэта фіксуем, я тут нікога абсалютна не запалохваю), фінансаванні заходніх фондаў і кіраванні заходнімі спецслужбамі нашых адмарозкаў, якія збеглі за мяжу, - спроба нагнятаць сітуацыю ў Беларусі", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы з гэтым справімся. Гэта не праблема", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў факты проціпраўных дзеянняў, якія перыядычна спыняюцца на дзяржаўнай граніцы. Гэта ў тым ліку спробы правозу зброі і іншых небяспечных прадметаў і матэрыялаў. "І сённяшняя падзея на дзяржаўнай граніцы, у дадзеным выпадку беларуска-ўкраінскай, калі давялося прымяняць зброю. І на заходнім напрамку выяўлены былі нядобрыя дзеянні, звязаныя з гранатамі, начыненымі нейкім парашком (цяпер праводзяцца даследаванні)", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Яшчэ адзін інцыдэнт звязаны з выяўленнем радыеактыўных рэчываў на борце самалёта, які накіроўваўся транзітам цераз Беларусь з Арменіі ў адну з еўрапейскіх краін.
"Папрашу па выніках расследавання ўсіх гэтых інцыдэнтаў, якія сёння адбыліся на дзяржаўнай граніцы, мне далажыць", - сказаў Прэзідэнт.
"Гэта ўсё сведчыць аб тым, што расслабляцца нам ніяк не пасуе. Мы павінны трымаць вуха востра і ні ў якім выпадку не даць падставы дэстабілізаваць сітуацыю ў нашай краіне", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.