3 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае штучнае стварэнне буйных тэрарыстычных арганізацый. Аб гэтым ён заявіў сёння ў Мінску на міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Скажыце, хто садзейнічаў стварэнню першых тэрарыстычных арганізацый у шырокім маштабе пасля Другой сусветнай вайны... Помніце вайну ў Афганістане? Мы з'яўляліся адным з бакоў гэтай вайны, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - А вы помніце тую тэрарыстычную арганізацыю, якая была створана ў Афганістане? Успомніце, хто маладзейшы - прачытайце. І хто садзейнічаў гэтаму? Што, простыя людзі - нацыяналісты, у тым ліку якія там ваявалі? Не. Яны не мелі грошай на гэта, у іх не было зброі".
"Але нехта іх стварыў, узброіў і ў патрэбны момант выкарыстаў. Мы сёння змагаемся супраць гэтых груповак, але ж мы, уладатрымальнікі, паказалі прыклад, як трэба ствараць гэтыя тэрарыстычныя арганізацыі. А потым паспяхова паказалі і цяпер паказваем, калі іх трэба выкарыстоўваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: сёння ўжо нельга сказаць, што ўсе тэрарыстычныя арганізацыі і групы ствараюцца тымі ці іншымі дзяржавамі або іх структурамі. "Проста паказалі прыклад, як гэта рабіць. І цяпер гэты працэс, які некалі меў кіруемы характар, хаатычны, непадкантрольны нікому. Дык давайце хаця б бескантрольныя групоўкі, якія хаатычна ўзнікаюць і навучыліся ўжо вельмі хутка недзе зарабляць, калі не ліквідуем, то возьмем пад кантроль", - дадаў ён.