27 снежня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка адзначае недастатковую аддачу ад работы свабодных эканамічных зон у Беларусі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе па пытаннях функцыянавання і развіцця свабодных эканамічных зон, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што наогул дзяржава атрымлівае ад функцыянавання гэтых свабодных эканамічных зон? - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. - Наша, беларуская дзяржава, а не дзяржава, якая знаходзіцца на стадыі развіцця як "бананавая" рэспубліка, дзе заняць чалавека ў нейкай справе - гэта добра".
Прэзідэнт адзначыў, што за год ад рэзідэнтаў СЭЗ у бюджэт пералічана грашовых сродкаў крыху больш за $200 млн. "Але больш за ўсё мяне ўразіла сярэдняя заработная плата ў свабодных эканамічных зонах, дзе кампаніі не бедныя. Кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў і кампаній таксама не бедныя. Але зарплата там прыкладна $350. Гэта як разумець? Што кіраўнікі гэтых кампаній акуратненька падладзіліся да сярэдняй прыкладна зарплаты па краіне і нават ніжэйшай і добра сябе адчуваюць", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
"Гэта значыць у бюджэт няшчасныя $200 млн і зарплата ў людзей ніякая. Таму ў мяне ўзнікае пытанне, ці трэба нам ваяваць на ўсіх узроўнях за гэтыя свабодныя эканамічныя зоны", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што калі ўпершыню ўносіліся дакументы па стварэнні СЭЗ, была ідэя зрабіць на ўсёй тэрыторыі краіны ўмовы, як у свабоднай эканамічнай зоне. "Мелася на ўвазе прадаставіць усім прадпрыемствам роўныя ўмовы, - сказаў Прэзідэнт. - Але тады мяне ў бок ільгатавання і стварэння гэтых зон і іх функцыянавання схіліла галоўнае пытанне: нас гэтыя прадпрыемствы-рэзідэнты заваляць валютай, і ў нас ніколі не будзе праблем з курсам рубля. І што мы атрымалі на працягу доўгага функцыянавання СЭЗ?"
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што і ў плане прытоку інвестыцый няма чаканага выніку. "Гаварылі аб інвестыцыях, але ў гэтым годзе, як мы бачым, інвестыцый амаль няма ў свабодных эканамічных зонах", - сказаў ён.