21 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка перасцярог праваахоўнікаў ад раскрыцця крымінальных спраў шляхам прыцягнення да адказнасці невінаватых людзей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, прымаючы з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошнім часам, асабліва ў сувязі з гэтымі ўрачамі і тымі нягоднікамі, якія кармілі ў школах і абабіралі дзяцей, такія хвалі ў грамадстве: "вось, напэўна, не трэба было б саджаць урачоў". Усе перад законам роўныя, але пры гэтым трэба мець на ўвазе адно: ні Гасподзь, ні людзі нам не даруюць, калі мы пакараем невінаватага. Калі мы не можам даказаць, лепш не чапаць гэтага чалавека. Калі ён нягоднік - ён усё роўна пападзе, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму ні ў якім разе нельга пакрыўдзіць невінаватага чалавека".
Прэзідэнт заўважыў, што ў былыя часы, асабліва ў савецкія гады, міліцыя працавала па прынцыпе - толькі б раскрыць злачынства. "Ды няхай яно будзе лепш нераскрытым, чым мы яго раскрыем і павесім віну на чалавека невінаватага. Вось гэта павінны ўсе людзі разумець. І дзе б вы ў калектывах ні бывалі, вы павінны аб гэтым гаварыць. Але калі мы цвёрда ўпэўнены, што ён учыніў злачынства, мала не падасца. Асабліва чыноўнік, чалавек у пагонах (гэта адно і тое ж фактычна) - ім трэба памнажаць на два", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як цяпер будуецца работа Следчага камітэта і ці існуюць у дзейнасці ведамства недахопы. Іх, падкрэсліў Прэзідэнт, трэба ўстараняць. "Я вельмі ўважліва сачу за работай Следчага камітэта. Зразумела, перажываю, таму што мы ў свой час пайшлі на вельмі рашучыя крокі, мадэрнізуючы і фактычна рэфармуючы нашы праваахоўныя органы. Следства выведзена з усіх ведамстваў і займае асобнае, лідзіруючае месца, таму што вы на фінішы, вы выдаяце вынік", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
Ён заўважыў, што па шляху рэформ следчых органаў пайшлі многія краіны, у тым ліку Расія, Казахстан і Украіна. Аднак дабіцца паказальных вынікаў ім не ўдалося. "Але мы цвёрда прынялі рашэнне і рухаемся гэтым курсам: следства павінна быць незалежным, калі мы хочам пэўных і эфектыўных вынікаў, - перакананы кіраўнік дзяржавы. - Я разгледзеў ваш зварот наконт Інстытута павышэння кваліфікацыі. Я не прымаў рашэнне. Як звычайна, я хачу пачуць альтэрнатыву, калі яна ёсць. Па выніках будзе прынята рашэнне. Калі будзе альтэрнатыва, зразумела, мы яе з вамі абмяркуем".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у бліжэйшы час пройдзе нарада аб рабоце ўсяго сілавога блока ў краіне, на ёй будзе падрабязна разгледжана работа следчага ведамства ў тым ліку. Адміністрацыя Прэзідэнта ўжо рыхтуе гэта мерапрыемства. "Мы там больш увагі засяродзім на тым, што нам трэба будзе зрабіць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Іван Наскевіч, Следчы камітэт у мінулым годзе сканцэнтраваў усе свае намаганні ў першую чаргу на аб'ектыўным і ўсебаковым расследаванні крымінальных спраў, недапушчэнні прыцягнення да адказнасці невінаватых асоб. "Я магу з усёй упэўненасцю сказаць, што пэўных поспехаў у гэтым дабіліся", - заявіў ён.
Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выніках работы Следчага камітэта ў 2018 годзе. "Прэзідэнт яшчэ раз абазначыў, што ў свой час ведамства стваралася для таго, каб быць фільтрам, каб да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся невінаватыя людзі. Лічу, што з гэтай задачай мы спраўляліся і справіліся асабліва ў 2018 годзе", - адзначыў Іван Наскевіч у размове з журналістамі па выніках даклада.
У якасці прыкладу ён прывёў даныя, што ў мінулым годзе судамі па крымінальных справах, расследаваных Следчым камітэтам, апраўданы 44 чалавекі. У той жа час у 2017 годзе такіх было 59 чалавек. "Гэта не сведчыць аб тым, што суды сталі больш ліберальныя. Гэта сведчыць толькі аб тым, што следчыя ў сваёй рабоце падпарадкоўваюцца толькі закону, прынцыпова ставяцца да выпадкаў, дзе недастаткова доказаў для таго, каб крымінальную справу адносна канкрэтнай асобы накіроўваць у суд. Гэта самае яркае пацвярджэнне таго, што Следчы камітэт павінен вельмі ўважліва, прынцыпова і ўзважана ставіцца да кожнай следчай сітуацыі, да кожнай асобы, якая праходзіць па крымінальнай справе", - сказаў старшыня Следчага камітэта.
Прэзідэнту таксама даложана аб ходзе расследавання найбольш рэзанансных крымінальных спраў.
У 2018 годзе ў следчыя органы паступіла больш за 149 тыс. заяў і паведамленняў аб злачынствах, што амаль на 12 працэнтаў больш у параўнанні з 2017 годам. У той жа час колькасць узбуджаных крымінальных спраў скарацілася на некалькі соцень - з 87 835 да 87 286. Гэта вынік работы па недапушчэнні неабгрунтаванага крымінальнага праследавання грамадзян, адзначаюць у Следчым камітэце. На 8,6 працэнта (да 29 388) павялічылася колькасць прынятых рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы або спыненні праверкі.
Узровень раскрывальнасці злачынстваў склаў у 2018 годзе амаль 71 працэнт, пры гэтым следчыя раскрываюць амаль 97 працэнтаў забойстваў і 100 працэнтаў згвалтаванняў.
У мінулым годзе былі палепшаны асобныя паказчыкі, якія адлюстроўваюць якасць следства. У прыватнасці, стала на чвэрць менш абвінавачаных, якіх рэабілітаваў суд, на 15 працэнтаў скарацілася колькасць крымінальных спраў, па якіх у судзе прад'яўлялася новае абвінавачанне або праводзіліся дадатковыя следчыя дзеянні для атрымання новых доказаў. Колькасць патрабаванняў пракурораў аб устараненні парушэнняў заканадаўства ў час папярэдняга следства знізілася больш як на сотню, а прыватных пастаноў суда аб парушэннях закона пры вядзенні папярэдняга следства - на некалькі дзясяткаў.