12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 13 красавіка накіруецца з візітам у Азербайджан, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Двухдзённая праграма прадугледжвае насычаны перагаворны парадак дня. У прыватнасці, кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў правядуць дзве сустрэчы. Адна з іх адбудзецца адразу пасля прыбыцця беларускага лідара ў Баку. У нефармальнай абстаноўцы кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць асноўныя напрамкі беларуска-азербайджанскіх адносін і стратэгічныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.
Афіцыйная частка перагавораў запланавана на сераду. Сустрэча прэзідэнтаў пройдзе ў вузкім і пашыраным складах з удзелам членаў дэлегацый. Асноўная ўвага будзе ўдзелена пашырэнню гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і напаўненню супрацоўніцтва новым зместам. Бакі разгледзяць пытанні прамысловай кааперацыі, рэалізацыю бягучых і перспектыўныя праекты ў галіне вытворчасці і паставак прадуктаў харчавання, перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Закрануць і не менш актуальныя тэмы: супрацоўніцтва ў ахове здароўя, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і турыстычнай сферах.
Кіраўнікі дзяржаў таксама абмяняюцца меркаваннямі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня.
Па выніках перагавораў чакаецца падпісанне двухбаковых дакументаў.