2 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Расіі абмяняліся віншаваннямі з Днём яднання народаў дзвюх краін. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншавальным пасланні выказаў перакананне, што ўмацаванне стваральнага патэнцыялу Саюза шляхам нарошчвання шматбаковых сувязей з'яўляецца самым дзейсным адказам брацкіх народаў Беларусі і Расіі на сучасныя выклікі і пагрозы.
"Сёння, на зломе гістарычных эпох, Саюзная дзяржава, у развіццё якой вы ўклалі нямала сіл і энергіі, у поўнай меры паказала сваю жыццеўстойлівасць і эфектыўнасць. Сумеснымі намаганнямі мы змаглі забяспечыць бяспеку грамадзян і ўстойлівасць эканомік нашых краін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў расійскаму калегу далейшых поспехаў у плённай дзейнасці на карысць Айчыны, шчасця, удачы і добрага здароўя на доўгія гады.
У сваю чаргу Прэзідэнт Расіі падкрэсліў, што за апошні час дзвюм краінам удалося нямала зрабіць для развіцця інтэграцыйнага ўзаемадзеяння і канструктыўнага двухбаковага супрацоўніцтва. "Зацверджаны шэраг важнейшых дакументаў, у тым ліку - галіновыя саюзныя праграмы, абноўленая Ваенная дактрына і Канцэпцыя міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы, - адзначыў расійскі лідар. - Упэўнены, што рэалізацыя дасягнутых дамоўленасцей створыць умовы для ўмацавання пазіцый дзвюх краін на міжнароднай арэне, далейшага руху па шляху фарміравання агульнай сацыяльна-эканамічнай і гуманітарнай прасторы. Гэта, безумоўна, адпавядае карэнным інтарэсам нашых брацкіх народаў і сапраўды важна з улікам напружанай міжнароднай абстаноўкі".
Уладзімір Пуцін пажадаў Аляксандру Лукашэнку моцнага здароўя і поспехаў, а беларускім грамадзянам - дабрабыту і працвітання.
Аляксандр Лукашэнка таксама накіраваў віншаванні з Днём яднання старшыні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, старшыні ўрада Расіі Міхаілу Мішусціну, старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціне Мацвіенка, старшыні Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, старшыні Дзяржаўнай думы Федэральнага сходу Расіі Вячаславу Валодзіну, дзяржаўнаму сакратару Саюзнай дзяржавы Дзмітрыю Мезенцаву, Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу.