18 лютага, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 лютага паўдзельнічаюць у мерапрыемствах па ваенным супрацоўніцтве. Аб гэтым расійскі лідар заявіў сёння ў Маскве на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы пагаворым аб рэгіянальнай сітуацыі, ацэнім, як ідзе ваеннае супрацоўніцтва - цяпер актыўная фаза ваенных вучэнняў. Заўтра разам нават паўдзельнічаем у адным са значных мерапрыемстваў у гэтым комплексе ваеннага супрацоўніцтва", - сказаў Уладзімір Пуцін.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што мае намер разам з расійскім калегам у суботу прыняць удзел у мерапрыемствах ваеннай накіраванасці. Пасля азнаямлення з ходам беларуска-расійскага вучэння "Саюзная рашучасць - 2022" на палігоне Асіповіцкі кіраўнік дзяржавы заявіў журналістам: "Учора ў 13 гадзін мы пагаварылі з ім, абмеркавалі план дзеянняў на пятніцу-суботу, таму што вучэнні ў нас прадоўжацца і ў суботу. Якая будзе форма гэтых вучэнняў і дзе мы з Пуціным будзем прысутнічаць на вучэннях, гэта вас праінфармуе расійскі бок", - расказаў беларускі лідар.
Як паведаміла раней Міністэрства абароны Расіі, 19 лютага пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна пройдуць вучэнні сіл стратэгічнага стрымлівання з пускамі балістычных і крылатых ракет. У ведамстве ўдакладнілі, што вучэнне было спланавана для праверкі гатоўнасці органаў ваеннага кіравання, баявых разлікаў пуску, экіпажаў баявых караблёў і стратэгічных ракетаносцаў, а таксама надзейнасці ўзбраення стратэгічных ядзерных і няядзерных сіл.