22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 лістапада ў інтэрв'ю брытанскай медыякампаніі Бі-бі-сі расказаў новыя падрабязнасці праведзеных раней дзвюх тэлефонных размоў з в.а. канцлера Германіі Ангелай Меркель, паведамляе БЕЛТА.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у час першай размовы 15 лістапада Ангела Меркель задала яму наступнае пытанне: "Што вы можаце прапанаваць? Які выхад з гэтай сітуацыі?" "Я ёй кажу: "Калі ласка, у Мюнхене (тады Мюнхен заявіў), іншых гарадах Германіі хацелі б прыняць гэтых бежанцаў. 2 тысячы 100 у лагеры. Гэта нават не праблема. Ну што такое 2 тысячы забраць?" - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт у час размовы таксама звярнуў увагу, што сярод бежанцаў шмат дзяцей. "Вы гэта бачыце, ведаю. Забярыце іх. А застануцца ў мяне каля 5 тысяч, я буду працаваць над тым, каб іх адправіць у Ірак, Сірыю, Іран і Афганістан, адкуль яны прыехалі", - падзяліўся падрабязнасцямі перагавораў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Ангела Меркель таксама паставіла перад ім адпаведнае пытанне - ці можа беларускі бок рэпатрыяваць бежанцаў з Беларусі ў тыя краіны, з якіх яны прыехалі.
У ходзе першай размовы в.а. канцлера Германіі адзначыла, што адпаведныя пытанні ёй трэба дадаткова абмеркаваць у ЕС. "Яна мне гаворыць: "Вы ведаеце, гэта праблема не Германіі, гэта праблема Еўрапейскага саюза. Таму я павінна пагаварыць там". Я гавару: "Добра. Я разумею вашу бюракратыю. Але трэба зрабіць гэта хутка. Калі вы забіраеце гэтыя 2 тысячы, гэта ўжо развязка. Калі не - будзе катастрофа. Людзі замерзнуць. Людзі паміраць пачнуць". - "Усё, я зразумела, пачула. Калі вы не супраць, я вам патэлефаную ў сераду (17 лістапада, калі і адбылася другая тэлефонная размова. - Заўвага БЕЛТА)". Я гавару: "Буду чакаць у любы час вашага рашэння".
Прэзідэнт у час інтэрв'ю таксама падзяліўся падрабязнасцямі і другой размовы з Ангелай Меркель, у ходзе якой яна прапанавала весці перагаворы на ўзроўні Беларусі і ЕС. З боку Еўрасаюза ў якасці кантактных асоб былі абазначаны намеснік старшыні Еўрапейскай камісіі, высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль і старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен.
"Я быў не ў захапленні ад гэтага, ведаючы яе пазіцыю па Беларусі, але сказаў: "Добра. Вы так вызначылі, мне ўсё роўна, хто там будзе гэтым займацца. 2 тысячы, што будзем рабіць?". - "Вось у рамках дамоўленасці з Еўрапейскім саюзам і гэту праблему разгледзім". Я гавару: "Давайце заўтра пачнём работу. Кантактныя асобы, Еўрапейскі саюз, Беларусь і гэтак далей. А я буду працаваць, каб угаварыць бежанцаў вярнуцца ў Ірак, напрыклад". Што я і зрабіў. Мы за суткі ўгаварылі 431 (чалавека. - Заўвага БЕЛТА), каб яны вярнуліся ў Ірак", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.
У выніку, канстатаваў кіраўнік дзяржавы, у Еўрасаюзе зразумелі, што праблема калі не вырашана, то прынамсі вырашаецца. "Адказ міністру замежных спраў: "Мы не можам цяпер весці перагаворы. Мы заняты (гэтыя дзве кантактныя асобы). На наступным тыдні ў нас камандзіроўкі". Гэта значыць, яны фактычна ўмылі рукі і пайшлі, - заявіў Прэзідэнт. - Вы перасталі выходзіць на кантакт і працаваць. Не хочаце - не трэба. Мы без вас будзем вырашаць гэту праблему. Так, як атрымаецца".