3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам культуры. Урачыстая цырымонія адбылася 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Францыска Скарыны пенсіянеру, заслужанаму работніку культуры БССР Галіне Качалавай. Медаль Францыска Скарыны прысуджаны артысту-вакалісту, вядучаму майстру сцэны Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Яўгену Ермакову, артысту хору Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.І.Цітовіча Вікторыі Мачалінай, майстру народных мастацкіх рамёстваў Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці Мар'яну Скрамблевічу і артысту тэатра лялек - вядучаму майстру сцэны Беларускага тэатра "Лялька" Юрыю Франкову.
У час цырымоніі Прэзідэнт таксама ўручыў нагрудныя знакі тым, хто ўдастоены ганаровых званняў. Народным артыстам Беларусі стаў артыст-вакаліст - вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Станіслаў Трыфанаў. Звання заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі ўдастоены загадчык кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Святлана Гуткоўская і загадчык кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Масленікаў.
За ўрачыстай цырымоніяй узнагароджвання работнікаў культуры адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтваў. Дзякуючы Прэзідэнту правядзенне такога святочнага канцэрта ў гонар Дня Незалежнасці ў Вялікім тэатры оперы і балета стала новай добрай традыцыяй, якая бярэ пачатак у ліпені 2021 года.
Лепшыя калектывы краіны і вядучыя артысты прадставілі на сцэне тэатра як сучасныя, так і класічныя творы. У адзіную канву праграмы святочнага гала-канцэрта былі зведзены творы розных стыляў і жанраў: нумары з класічных опер, балетаў, мюзіклаў і сучасныя харэаграфічныя эцюды, літаратурна-музычныя інтэрмедыі. Народная творчасць суседнічала з папулярнымі музычнымі кампазіцыямі. Фінальнай кропкай паказу стала выкананне ўсімі ўдзельнікамі канцэрта песні "Край прыгожых людзей", у якой дамінантай гучыць важная тэма любві да роднай зямлі і людзей, якія тут жывуць.