8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнты Беларусі і Азербайджана Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў 8 лістапада правялі тэлефонную размову. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі стратэгічны характар двухбаковага супрацоўніцтва; разгледзелі ход рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у ходзе перагавораў двух прэзідэнтаў у красавіку ў Баку; абмеркавалі перспектывы ўдзелу беларускіх кампаній у рэалізацыі маштабных узаемавыгадных праектаў на тэрыторыі Азербайджана.
Аляксандр Лукашэнка прывітаў той факт, што год таму завяршылася шматгадовае процістаянне паміж Азербайджанам і Арменіяй. Асабліва звярнуў увагу на важнасць пачатага працэсу мірнага будаўніцтва, які ідзе на карысць абедзвюм краінам.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аднаўленне транспартных камунікацый і эканамічнага ўзаемадзеяння на Паўднёвым Каўказе павінна стаць асновай трывалага міру ў рэгіёне і забяспечыць дабрабыт і бяспеку ўсіх народаў, якія там пражываюць.
Прэзідэнт Беларусі таксама выказаў спачуванні родным і блізкім усіх ахвяр шматгадовага карабахскага канфлікту і адзначыў выключную важнасць прынятай год таму пры пасрэдніцтве Расіі заявы, якая спыніла кровапраліцце.
Акрамя таго, кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў свайму калегу, што ў знак дружбы беларускага і азербайджанскага народаў у Мінску будзе ўстаноўлены помнік ураджэнцу горада Гянджа, выдатнаму паэту і мысліцелю Нізамі Гянджаві. У гэтым годзе яго 880-годдзе шырока адзначаецца ў Азербайджане і за мяжой.