25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лепшыя маладзёжныя ініцыятывы краін СНД плануецца прэзентаваць у Беларусі ў другім квартале 2016 года, паведамілі БЕЛТА ў інфармацыйна-аналітычным дэпартаменце Выканкама СНД.
Цяпер рэалізуецца Стратэгія міжнароднага маладзёжнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД на перыяд да 2020 года. "Стратэгія зыходзіць з таго, што маладзёжнае супрацоўніцтва з'яўляецца важным фактарам забеспячэння ўстойлівага, эфектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця і навукова-тэхнічнага прагрэсу Садружнасці ў цэлым, захавання і паглыблення дружалюбных адносін паміж краінамі, павышэння іх канкурэнтаздольнасці ва ўмовах глабалізацыі, адной з найбольш перспектыўных форм інтэграцыйнага партнёрства", - адзначылі ў дэпартаменце.
Стратэгіяй прадугледжаны распрацоўка і зацвярджэнне спецыяльных планаў мерапрыемстваў. Такія планы прымаліся на 2012-2013, 2014-2015 гады. На пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў Садружнасці, якое адбылося ў кастрычніку 2015 года ў Душанбэ, зацверджаны План мерапрыемстваў і на 2016-2017 гады. Ён распрацаваны на аснове прапаноў дзяржаў Садружнасці, Савета па справах моладзі, а таксама органаў галіновага супрацоўніцтва гуманітарнай сферы, Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва СНД, Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі СНД, іншых грамадскіх аб'яднанняў. План налічвае 16 раздзелаў і ахоплівае звыш 80 мерапрыемстваў.
Дакумент сфарміраваны на прынцыпах пераемнасці з папярэднім Планам: захоўваюцца і развіваюцца традыцыі па правядзенні знакавых маладзёжных мерапрыемстваў у рамках СНД. Сярод іх - Маладзёжныя дэльфійскія гульні, міжнародны маладзёжны форум дзяржаў - удзельніц СНД "Дружба без межаў", Форум маладзёжных арганізацый, Міжнародны форум маладых суайчыннікаў і многія іншыя. "Асаблівай увагі заслугоўвае міжнародны маладзёжны праект дзяржаў - удзельніц СНД "100 ідэй для СНД", унесены Саветам па справах моладзі краін Садружнасці пры падтрымцы Выканкама СНД. Праект задуманы як своеасаблівы канал выхаду перспектыўных маладзёжных ініцыятыў на ўзровень усёй Садружнасці і грунтуецца на аналагічнай рабоце розных праграм і фондаў у дзяржавах СНД", - растлумачылі ў інфармацыйна-аналітычным дэпартаменце.
Цяпер рэалізуюцца такія рэспубліканскія маладзёжныя праекты, як "Ёсць ідэя" ў Азербайджане, "100 ідэй для Беларусі", "1000 ідэй" у Расіі і іншыя. "Плануецца, што заключнае мерапрыемства праекта ў фармаце выстаўкі-прэзентацыі лепшых маладзёжных ініцыятыў адбудзецца ў другім квартале 2016 года ў Беларусі. Відаць, аналагічная экспазіцыя з'явіцца і на міждзяржаўнай выстаўцы "25 гадоў СНД: новыя магчымасці інтэграцыі і партнёрства", прысвечанай юбілею Садружнасці (плануецца на чэрвень 2016 года)", - расказалі ў дэпартаменце.
Нараўне з традыцыйнымі мерапрыемствамі ў План уключаны і шэраг новых праектаў. Так, плануецца правесці міжнародную канферэнцыю "Роля нефармальнай адукацыі ў развіцці моладзі", "Фестываль студэнцкіх тэатраў, Міжнародны маладзёжны адукацыйны форум "Тэрыторыя сэнсаў", Фестываль моладзі і студэнтаў "Еўразія - гэта мы!"
Па ініцыятыве Маладзёжнай міжпарламенцкай асамблеі СНД плануецца таксама правядзенне Маладзёжнага міжпарламенцкага форуму СНД, распрацоўка прапаноў па ўдасканаленні мадэльнай нарматыўна-прававой базы СНД, збліжэнні і гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў у галіне маладзёжнай палітыкі, забеспячэнні правоў і інтарэсаў моладзі.