12 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына выбрана намеснікам старшыні Камісіі ААН па наркатычных сродках. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў беларускай дыпламатычнай місіі ў Аўстрыі.
Выбранне адбылося на першым пленарным пасяджэнні 61-й сесіі Камісіі ААН па наркатычных сродках (КНС), якая 12 сакавіка пачалася ў Венскім міжнародным цэнтры. Гэта выбранне з'яўляецца сведчаннем высокага міжнароднага аўтарытэту Беларусі ў сферы барацьбы з сусветнай праблемай наркотыкаў.
У рабоце галоўнага дырэктыўнага органа ААН у сферы міжнароднага кантролю над наркотыкамі ўдзельнічае каля 100 дэлегацый дзяржаў - членаў ААН, міжурадавых і няўрадавых арганізацый, у тым ліку дэлегацыя Беларусі на чале з намеснікам міністра замежных спраў Андрэем Дапкюнасам. У цэнтры ўвагі сесіі - падрыхтоўка да пасяджэння высокага ўзроўню па аглядзе выканання палітычнай дэкларацыі і плана дзеянняў ААН па наркотыках, запланаванага на сакавік 2019 года.
На мерапрыемстве адбудзецца абмеркаванне ключавых аспектаў праблемы наркотыкаў - прафілактыкі і лячэння наркаманіі, барацьбы з нарказлачыннасцю, уключаючы процідзеянне адмыванню грошай і садзейнічанне супрацоўніцтву праваахоўных органаў, рэалізацыі праграм альтэрнатыўнага развіцця. Асаблівую ўвагу КНС удзеліць праблеме распаўсюджвання новых наркатычных і псіхаактыўных рэчываў. Чакаецца, што камісія прыме рашэнне аб пастаноўцы дванаццаці такіх рэчываў пад міжнародны кантроль.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі выступіў у час агульнай дыскусіі. Беларускі дыпламат асабліва падкрэсліў, што сусветная праблема наркотыкаў наносіць значны ўрон бяспецы, стабільнасці і сацыяльна-эканамічнаму развіццю дзяржаў. Андрэй Дапкюнас праінфармаваў аб прыярытэтах дзяржаўнай антынаркатычнай палітыкі Беларусі, практычных выніках у сферы барацьбы з наркотыкамі, актыўным укладзе Беларусі ў процідзеянне наркакрыміналу на міжнародным узроўні.
Ён нагадаў, што Беларусь з'яўляецца адзінай дзяржавай у свеце, у якой на заканадаўчым узроўні забаронены 98 працэнтаў вядомых наркотыкаў. Намеснік міністра адзначыў, што асаблівая ўвага ўдзяляецца ў Беларусі процідзеянню наркаманіі сярод дзяцей і падлеткаў, уключаючы намаганні краіны на міжнароднай арэне па садзейнічанні ажыццяўленню праграм і стратэгій, якія датычацца сям'і і школы, для прафілактыкі ўжывання наркотыкаў сярод дзяцей і падлеткаў.