4 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Куба праяўляе інтарэс да дэманстрацыі беларускіх інфармацыйных, культурных, музычных і дзіцячых тэле- і радыёпраграм на кубінскіх тэле- і радыёканалах. Зацікаўленасць у гэтым падкрэсліў старшыня Кубінскага інстытута радыё і тэлебачання Даніла Сірыа Лопес на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Рэспубліцы Куба Аляксандрам Аляксандравым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
На сустрэчы абмеркаваны перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кубай у галіне абмену аўдыявізуальнай інфармацыяй.
Асаблівая ўвага ўдзелена падрыхтоўцы да падпісання мемарандума аб узаемаразуменні паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і Кубінскім інстытутам радыё і тэлебачання. На думку бакоў, падпісанне мемарандума будзе садзейнічаць з'яўленню новых магчымасцей актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва.
Пасол Беларусі пацвердзіў зацікаўленасць у развіцці ўзаемадзеяння ў галіне абмену інфармацыйнымі матэрыяламі з кубінскім бокам. Дасягнута дамоўленасць аб нарошчванні дынамікі сумесных дзеянняў з улікам прыярытэтных напрамкаў развіцця тэле- і радыёвяшчання ў Кубе.