18 жніўня, Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кітайскі бок адзначае ўсёабдымны характар супрацоўніцтва з Беларуссю. На гэтым акцэнтаваў увагу член Палітбюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, сакратар палітыка-юрыдычнай камісіі ЦК КПК Мэн Цзяньчжу на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дзякуючы лідарам дзвюх краін кітайска-беларускія адносіны ўмацоўваюцца і развіваюцца, падкрэсліў Мэн Цзяньчжу. "Я поўнасцю падзяляю вашу высокую ацэнку нашых дружалюбных адносін, якія маюць усёабдымны характар і датычацца розных галін", - адзначыў кітайскі госць.
Ён канстатаваў высокі ўзровень палітычнага ўзаемадаверу і ўзаемную падтрымку на буйных міжнародных мерапрыемствах. "Мы рашуча падтрымліваем адзін аднаго па важнейшых праблемах, якія маюць узаемны інтарэс", - адзначыў Мэн Цзяньчжу.
Член Палітбюро ЦК КПК таксама высока ацаніў ролю беларускага лідара і яго падтрымку ў развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва.
Мэн Цзяньчжу падкрэсліў, што на другім пасяджэнні беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве ў рабочым парадку будуць разгледжаны многія пытанні, якія датычацца рэалізацыі дамоўленасцей на вышэйшым узроўні.