19 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь разглядае М'янму як надзейнага партнёра ў азіяцкім рэгіёне. Аб гэтым заявіў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой на сустрэчы з паслом Рэспублікі Саюз М'янма ў Беларусі (з рэзідэнцыяй у Маскве) Лвін У, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускай дыпмісіі.
"У ходзе размовы бакі закранулі вынікі праведзенага на мінулым тыдні візіту ў Беларусь намесніка прэм'ер-міністра - міністра замежных спраў М'янмы Тан Свэ, прывіталі адкрыццё Генеральнага консульства М'янмы ў Мінску. Абмеркавалі пытанні развіцця палітычнага дыялогу, напрамкі актывізацыі гандлёва-эканамічнага і гуманітарнага ўзаемадзеяння", - сказалі ў прэс-службе.
Дыпламаты адзначылі ўзаемную падтрымку дзвюх краін у рамках міжнародных арганізацый, перш за ўсё на пляцоўцы ААН, закранулі пытанні фарміравання дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін. Пасол Беларусі высока ацаніў падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паміж М'янмай і Еўразійскай эканамічнай камісіяй, адзначыўшы, што гэта адкрывае краіне дзверы на рынак ЕАЭС.
"Пасол М'янмы адзначыў, што найбольш перспектыўнымі напрамкамі супрацоўніцтва яго краіны з Беларуссю з'яўляюцца сельская гаспадарка і АПК, а таксама сфера навукі і тэхналогій", - падкрэслілі ў беларускім дыппрадстаўніцтве.
"Кіраўнікі дыпмісій Беларусі і М'янмы ў Маскве закранулі пытанні супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы, у тум ліку навучанне м'янманскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ", - дадалі ў прэс-службе.