19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік прыбыў з візітам у Нікарагуа. Аб гэтым інфармуе прэс-служба МЗС Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
У аэрапорце беларускую дэлегацыю сустрэў Лаўрэана Артэга. Гэта сын прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта Нікарагуа Даніэля Артэгі і Расарыі Мурылья. Ён займае пасады спецпрадстаўніка і саветніка кіраўніка дзяржавы па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва.
У маі гэтага года Беларусь наведваў з візітам міністр замежных спраў Нікарагуа Дэніс Манкада Каліндрэс. У тым ліку яго прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
"Я, калі думаю пра Нікарагуа, заўсёды думаю аб тым, што гэта такая далёкая і такая блізкая для нас краіна. Калі даваць увогуле ацэнку нашым адносінам, павінен сказаць, што ў нас непачаты край работы. Нам вельмі многае давядзецца зрабіць, каб вывесці нашы адносіны на самы высокі ўзровень", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што прыклады такога супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі ўжо ёсць: "Вазьміце Кубу, Венесуэлу, іншыя дзяржавы Лацінскай Амерыкі, з якімі мы маем вельмі цесныя не толькі палітычныя, але і гандлёва-эканамічныя адносіны. Думаю, што нам трэба гэта зрабіць з Нікарагуа".
Ён запэўніў, што ўсё, у чым мае патрэбу Нікарагуа, у Беларусі ёсць, і нават з лішкам. "Нам трэба наладзіць нашы адносіны такім чынам, каб стварыць дагаворна-прававую базу пад нашы будучыя адносіны ў эканоміцы. Гэта справа часу. Думаю, калі мы зоймемся гэтай справай, то на працягу года мы не проста створым гэту нарматыўна-прававую базу, але і пачнём глыбокія эканамічныя адносіны паміж нашымі краінамі. Мы да гэтага гатовы", - упэўнены беларускі лідар.