11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт у Беларусь дэлегацыі Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) на чале са старшынёй праўлення Дзмітрыем Панкіным адбудзецца 13-14 жніўня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры ЕАБР.
"У рамках візіту кіраўнік ЕАБР правядзе рабочыя сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада Беларусі", - расказалі спецыялісты. Таксама запланавана падпісанне пагаднення банка з ААТ "БелАЗ".
Вечарам 13 жніўня запланаваны брыфінг старшыні праўлення ЕАБР па выніках візіту дэлегацыі ў Беларусь.
Як паведамлялася, рэспубліка ў першай палавіне 2015 года падала заяўку на новы крэдыт у памеры $3 млрд у Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС (цяпер перайменаваны ў Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР). - Заўвага БЕЛТА). У пачатку ліпеня Еўразійскі банк развіцця праінфармаваў, што ЕФСР рыхтуе заключэнне па заяўцы Беларусі на атрыманне крэдыту.
ЕАБР - міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з'яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў памеры $8,513 млрд быў заснаваны 9 чэрвеня 2009 года ўрадамі тых жа шасці краін. Мэты фонду - садзейнічанне дзяржавам-удзельніцам у пераадоленні вынікаў глабальнага фінансавага крызісу, у забеспячэнні іх эканамічнай і фінансавай стабільнасці, падтрымцы інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне.