31 сакавіка, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь мае намер і далей развіваць усебаковае стратэгічнае партнёрства з Кітаем. Гэта было адзначана 31 сакавіка ў ходзе сустрэчы кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Косінца з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымінам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
Аляксандр Косінец таксама падкрэсліў, што беларускі бок надае вялікае значэнне маючаму адбыцца візіту ў Рэспубліку Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна.
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта сказаў, што развіццё адносін з Кітаем - прыярытэтны напрамак знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь. У падпісанай лідарамі дзяржаў 16 ліпеня 2013 года сумеснай дэкларацыі бакі замацавалі, што адносіны выйшлі на новы ўзровень - усебаковага стратэгічнага партнёрства.
На думку беларускага боку, такі фармат неабходна напаўняць максімальна аб'ёмным зместам. Кітай - адзін з найбольш важных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі.
Аляксандр Косінец адзначыў, што ў ліку найбольш важных задач беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння - падтрыманне палітычнага дыялогу на вышэйшым і высокім узроўні, актывізацыя крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць рэалізацыі праекта па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка і неабходнасць больш актыўнага прыцягнення кітайскіх інвестараў да ўдзелу ў гэтым праекце. Акрамя таго, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта сказаў аб значнасці развіцця сумесных вытворчасцей беларускай тэхнікі ў рэгіёнах Кітая, праектаў у інфармацыйна-камунікацыйнай сферы.
У сваю чаргу Цуй Цымін сказаў, што кітайскі бок таксама актыўна рыхтуецца да візіту ў Рэспубліку Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна, у ходзе якога будзе заключаны шэраг двухбаковых узаемавыгадных пагадненняў.
Дыпламат лічыць важным, што Беларусь і Кітай на ўзаемавыгаднай аснове супрацоўнічаюць у ААН і іншых міжнародных арганізацыях, аказваючы падтрымку адзін аднаму па прынцыповых пытаннях.
Пасол Кітая расказаў аб ініцыятыве старшыні КНР Сі Цзіньпіна аб стварэнні "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху", у якім зможа прыняць удзел і Беларусь.
На сустрэчы размова ішла таксама аб нарошчванні аб'ёмаў паставак беларускай прадукцыі ў Кітай. Акрамя таго, абмяркоўвалася пытанне ўдзелу Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.