29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Еўрапейскі саюз выканалі ўсе працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сілу пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Гэту інфармацыю карэспандэнту БЕЛТА пацвердзіў начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі - прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Паводле яго слоў, сёння ў Міністэрства замежных спраў паступіла афіцыйнае паведамленне ад Еўрасаюза аб завяршэнні ўнутраных працэдур па ратыфікацыі пагадненняў. Беларусь завяршыла гэтыя працэдуры яшчэ ў красавіку. "Такім чынам, усе працэдуры выкананы. Пагадненні пачнуць дзейнічаць з 1 ліпеня", - сказаў Анатоль Глаз.
Па пагадненні аб спрашчэнні выдачы віз кошт разгляду візавых хадайніцтваў для грамадзян Беларусі зніжаецца да 35 еўра. Тэрміны разгляду хадайніцтваў складуць 10 каляндарных дзён. Прадугледжана магчымасць выдачы віз у тэрміновым і неадкладным парадку. Устанаўліваюцца падставы для вызвалення шэрага катэгорый грамадзян ад аплаты візавага збору.
Адначасова ўступае ў сілу пагадненне аб рэадмісіі. Беларусь і Еўрапейскі саюз павінны будуць ажыццяўляць прыём назад на сваю тэрыторыю ўласных грамадзян, грамадзян трэціх дзяржаў і асоб без грамадзянства, якія не адпавядаюць або перасталі адпавядаць крытэрыям легальнасці на тэрыторыях адзін аднаго.
Беларусь і ЕС пачалі перагаворы па пагадненнях аб візах і рэадмісіі ў 2014 годзе. Аднак па шэрагу прычын узгадніць дакументы бакі хутка не змаглі і падпісалі іх 8 студзеня 2020 года. Цырымонія адбылася ў Бруселі. Ад беларускага боку подпісы пад пагадненнямі паставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Еўрасаюз прадстаўлялі намеснік прэм'ер-міністра - міністр унутраных спраў Харватыі Давар Бажынавіч (Харватыя старшынствуе ў Еўрапейскім савеце) і еўрапейскі камісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан.