18 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Казахстан разлічвае на павелічэнне тавараабароту з Беларуссю, заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Казахстана ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў у час сустрэчы з першым намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандрам Турчыным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку Аскара Бейсенбаева, патэнцыял гандлёва-эканамічных адносін Беларусі і Казахстана рэалізаваны не поўнасцю. Трэба павялічваць аб'ём тавараабароту паміж дзвюма краінамі. У ліку перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння пасол назваў стварэнне сумесных прадпрыемстваў, сумесны выхад на рынак Кітая.
"Супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана знаходзіцца на высокім узроўні. У бягучым годзе ўзаемны тавараабарот, напэўна, перасягне за $900 млн, набліжаемся да $1 млрд, - сказаў Аляксандр Турчын. - Але ў нас ёсць шэраг агульных тэм, праектаў, па якіх мы можам сумесна папрацаваць і яшчэ больш павялічыць гэту лічбу. Думаю, мы прапануем, каб Казахстан стаў у некаторым сэнсе нашым апорным пунктам у рэгіёне і адтуль ішоў экспарт сумесных тавараў. Цяпер працуем над гэтым і пазней абмяркуем канкрэтныя прапановы".
Першы віцэ-прэм'ер адзначыў, што стратэгічнае супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана развіваецца. Рыхтуецца візіт у Казахстан Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, чакаецца пасяджэнне беларуска-казахстанскай міжурадавай камісіі. Паводле слоў Аляксандра Турчына, трэба абмеркаваць і ўрэгуляваць шэраг пытанняў. У іх ліку - пагадненне ў нафтавай сферы, магчымае набыццё Казахстанам акцый "Гомсельмаша", беспілотнікі, грузаперавозкі.
Дагаворна-прававая база супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана ўключае больш за 65 міждзяржаўных, міжурадавых і ведамасных міжнародных дагавораў. Асноўным дакументам з'яўляецца Дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года. Беларусь прадастаўляе нацыянальны рэжым адносна тавараў з Казахстана ў адпаведнасці з Дагаворам аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года і Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года. Па аб'ёме беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў краіны. У студзені-ліпені 2019 года тавараабарот Беларусі і Казахстана склаў $549,4 млн (рост на 6,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018-га), у тым ліку беларускі экспарт - $458,3 млн (рост на 1,3 працэнта). Сярод асноўных пазіцый экспарту ў Казахстан у бягучым годзе - трактары і седлавыя цягачы, машыны для ўборкі сельскагаспадарчых культур, грузавыя аўтамабілі, мэбля, малако і малочныя прадукты, цукар, ялавічына.
Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае больш за 40 суб'ектаў, створаных з удзелам беларускага капіталу, а таксама больш за 170 суб'ектаў дылерскай сеткі. Функцыянуюць восем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання.