22 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Не пазней за 25 красавіка 2024 года павінна адбыцца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу, паведаміў журналістам старшыня ЦВК Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Да 1 кастрычніка ЦВК павінна сфарміраваць выбарчыя акругі ў колькасці 110. І да 1 лістапада павінны быць сфарміраваны акругі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. Не пазней за 23 лістапада павінен выйсці ўказ кіраўніка дзяржавы, які назначыць выбары на адзіны дзень галасавання, - сказаў Ігар Карпенка. - Пры вызначэнні колькасці выбаршчыкаў мы адштурхоўваемся ад рэгістра насельніцтва - і ў адпаведнасці з прынцыпамі роўнасці прадстаўніцтва мы вызначаем гэту колькасць".
Маючая адбыцца электаральная кампанія асаблівая тым, што выбіраем дэпутатаў усіх узроўняў: ад сельскага, пасялковага Савета, раённых, гарадскіх і да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, адзначыў кіраўнік ЦВК. "Гэта значыць у залежнасці ад тэрыторыі пражывання грамадзяне атрымаюць некалькі бюлетэняў. Дапусцім, калі чалавек пражывае ў сельскай мясцовасці, ён, як правіла, будзе атрымліваць чатыры бюлетэні. У Мінску - два: па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і па выбарах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў", - падкрэсліў ён.
"Асаблівасць яшчэ такая, што пасля завяршэння гэтай важнай электаральнай кампаніі ў нас адводзіцца каля 60 дзён для таго, каб правесці ўстановачныя сесіі Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў, вылучыць кандыдатаў і выбраць членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. І далей нам трэба будзе сфарміраваць Усебеларускі народны сход, гэта значыць выбраць дэлегатаў УНС ад дэпутатаў мясцовых Саветаў і ад структур грамадзянскай супольнасці. На ўсё нам адводзіцца каля 60 дзён пасля правядзення Адзінага дня галасавання. Не пазней за 25 красавіка 2024 года павінна адбыцца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу", - дапоўніў Ігар Карпенка.