28 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Яўка выбаршчыкаў на рэферэндуме сведчыць, што людзі пранікліся тэмай змяненняў Канстытуцыі. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Даволі добрая яўка была. Калі нават параўноўваць з папярэднімі рэферэндумамі, у 1995 годзе яўка была амаль 65 працэнтаў, у 1996-м - крыху больш за 84 працэнты, у 2004-м - крыху больш за 90 працэнтаў. Гэта значыць можна сказаць, што тая яўка, якая адбылася на гэтым рэферэндуме, такая ўсярэдненая лічба. Даволі нядрэнная, якая сведчыць аб тым, што людзі яўна пранікліся тэмай змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. І гэтаму папярэднічала сур'ёзная работа не толькі з моманту падпісання ўказа 20 студзеня, але і да гэтага, калі пачала работу Канстытуцыйная камісія, праходзілі дыялогавыя пляцоўкі", - сказаў Ігар Карпенка.
Кіраўнік ЦВК падкрэсліў: "Усё гэта сведчыць аб тым, што людзі ўсвядомлена ішлі на ўчасткі, робячы свой выбар".
Як паведамлялася, агульная колькасць грамадзян, унесеных у спісы ўдзельнікаў рэферэндуму, склала 6 815 667 чалавек. У галасаванні прыняў удзел 5 359 471 грамадзянін, або 78,63 працэнта, гэта значыць больш за палову ад унесеных у спісы. Такім чынам, рэспубліканскі рэферэндум лічыцца праведзеным. За прыняцце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 4 440 813 грамадзян, што склала 82,86 працэнта, або 65,16 працэнта ад унесеных у спісы для галасавання, - адзначыў кіраўнік ЦВК. - Супраць прыняцця змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавалі 686 165 удзельнікаў рэферэндуму, што склала 12,8 працэнта, або 10,07 працэнта ад унесеных у спісы для галасавання".