6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава 7 мая прыме ўдзел у відэаканферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Плануецца, што ўдзельнікамі відэаканферэнцыі таксама стануць старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Мацвіенка, кіраўнікі парламентаў Азербайджана, Малдовы, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Кыргызстана.
У час відэаканферэнцыі будуць абмеркаваны пытанні захавання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, патрыятычнага выхавання моладзі, падтрымкі ветэранаў. Размова таксама пойдзе аб сумесных гісторыка-культурных праектах, прысвечаных ваенным падзеям і Вялікай Перамозе, расказалі ў прэс-службе.
"Захаванню гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі заўсёды ўдзялялі асаблівую ўвагу. Урокі мінулага вучаць цаніць мір і згоду, якія мы маем. Вайна забрала жыцці мільёнаў людзей. Наш агульны абавязак - памятаць, якой цаной дасталася перамога, захаваць праўду аб вайне і перадаць яе будучым пакаленням", - адзначылі ў Савеце Рэспублікі.