26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета 26 лістапада на пазачарговай сесіі зацвердзілі Анатоля Сівака на пасадзе старшыні Мінгарвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Упэўнена, што па сваіх чалавечых і прафесійных якасцях Мінск атрымае надзейнага кіраўніка, які зробіць усё для таго, каб надаць дынамізм развіццю горада і вывесці яго на дастойны ўзровень", - сказала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, прадстаўляючы новага старшыню гарвыканкама.
Яна адзначыла, што Анатоль Сівак добра ведае беларускую сталіцу, паколькі ў свой час быў памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Мінску. Яго вызначае высокая адказнасць да даручанай справы, уменне працаваць з людзьмі, прынцыповасць у прыняцці рашэнняў.
Наталля Качанава таксама падзякавала за работу Андрэю Шорцу, які да гэтага ўзначальваў гарвыканкам і ўнёс значны ўклад у развіццё горада, пажадала яму поспехаў і ўдачы на новай пасадзе.
У ліку асноўных задач, якія трэба будзе вырашаць кіраўніцтву беларускай сталіцы, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта назвала павышэнне эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый, правядзенне на дастойным узроўні II Еўрапейскіх гульняў, далейшае добраўпарадкаванне тэрыторый, азеляненне, эстэтызацыю гарадскога асяроддзя. Немалаважнымі напрамкамі таксама з'яўляюцца стварэнне новых рабочых месцаў, увод незавершаных аб'ектаў у эксплуатацыю, работа са зваротамі грамадзян.
"Мінск павінен быць прыкладам ва ўсім, - падкрэсліла Наталля Качанава. - У аснове, вядома, ляжыць эканоміка. Эфектыўная работа кожнага прадпрыемства - залог поспеху фарміравання бюджэту, які дасць магчымасць вырашаць пытанні ў ахове здароўя, адукацыі, культуры, спорце".
У сваю чаргу Анатоль Сівак запэўніў, што свае веды і вопыт накіруе на стварэнне камфортнага асяроддзя для гараджан. "Абавязак гарвыканкама, адміністрацый раёнаў, кіраўнікоў дзяржаўных устаноў, камерцыйных, камунальных прадпрыемстваў максімальна поўна задавальняць патрэбнасці мінчан, ствараць спрыяльныя ўмовы ў тым ліку для бізнесу, эканомікі ў цэлым. Неабходна на новы ўзровень узняць утрыманне жыллёвага фонду, прыдамавых тэрыторый, звярнуць увагу на заўвагі грамадзян па даступнасці і эфектыўнасці медыцынскіх паслуг, адукацыі, культурных мерапрыемстваў, заняткаў фізкультурай і спортам. Важна таксама забяспечыць далейшае развіццё грамадскага транспарту", - адзначыў ён.