9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падрыхтоўка да VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі знаходзіцца на пачатковым этапе. Мерапрыемству плануюць надаць новы імпульс. Аб гэтым заявіла ў эфіры тэлеканала АНТ старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, паведамляе БЕЛТА.
У сакавіку прайшло першае сумеснае пасяджэнне арганізацыйных камітэтаў Беларусі і Расіі. "Мы цяпер на пачатковай стадыі падрыхтоўкі Форуму рэгіёнаў. Вядома, ён павінен быць запамінальным па тых новых кантрактах, якія будуць заключаны бізнес-супольнасцю, па пагадненнях, якія будуць падпісаны рэгіёнамі нашых краін - гэта вельмі важна", - лічыць Наталля Качанава.
Паводле яе слоў, у час Форуму рэгіёнаў адкрыюцца выстаўкі-продажы, будуць працаваць секцыі на базе НАН Беларусі. "Мы яшчэ думаем над тым, якім зместам напоўніць мерапрыемствы, каб надаць Форуму новы імпульс, таму што гэта ўжо добрая традыцыя", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Чакаецца, што ў VII Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які запланаваны на восень 2020 года, прымуць удзел больш за 500 чалавек. Важнай часткай праграмы стане дзелавы парадак дня: беларускія і расійскія бізнес-колы абмяркуюць перспектывы ўзаемадзеяння і новыя сумесныя праекты. Будуць падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве і камерцыйныя кантракты.
На секцыях будуць абмяркоўвацца і пытанні міжпарламенцкага супрацоўніцтва ў кантэксце захавання гістарычнай спадчыны, патрыятычнага выхавання, падтрымкі сельскай моладзі, сумесныя эканамічныя праекты, узаемадзеянне на міжнародных пляцоўках. Запланавана пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Прадугледжана таксама правядзенне сустрэчы спікераў верхніх палат беларускага і расійскага парламентаў з кіраўнікамі рэгіёнаў дзвюх краін.