29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь - жалезны брат, надзейны сябар і стратэгічны партнёр Кітая, заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на анлайн-семінары жанчын-парламентарыяў Беларусі і Кітая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь - жалезны брат, надзейны сябар і стратэгічны партнёр Кітая. Нягледзячы на геапалітычны націск з боку калектыўнага Захаду, Мінск і Пекін паслядоўна развіваюць супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове, - сказала Наталля Качанава. - Бягучы год азнаменаваны для Беларусі лёсавызначальнай падзеяй - беларускі народ зрабіў свой свядомы выбар на карысць эвалюцыйнага развіцця краіны. 27 лютага адбыўся рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Мы ўдзячныя кітайскаму боку за высокую ацэнку рэферэндуму і падтрымку. Упэўнены, што ключавая ўнутрыпалітычная падзея бягучага года ў Кітаі - юбілейны XX з'езд Кампартыі - пройдзе паспяхова, на карысць дасягнення галоўнай мэты "двух стагоддзяў" - пабудовы грамадства сярэдняга дастатку".
2022 год таксама адзначаны знакавай падзеяй у двухбаковых адносінах - 30-годдзем усталявання дыпламатычных адносін. "За гэты час мы сталі сведкамі сур'ёзных дасягненняў у эканамічным, сацыяльным развіцці і дзяржаўным будаўніцтве дзвюх краін, стабільнага развіцця беларуска-кітайскіх адносін, - адзначыла спікер. - Беларусь і Кітай канструктыўна і дынамічна супрацоўнічаюць у міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Хацела б выказаць словы ўдзячнасці Кітайскаму камітэту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва па добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве, які вы ўзначальваеце, спадарыня Шэнь Юэюэ, за аказваемую гуманітарную дапамогу. У рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва прапануем разгледзець магчымасць запуску сумесных праектаў па лініі адукацыі, навукі і культуры. Мы, жанчыны добрай волі, можам шмат што зрабіць для захавання міру і спакою ў нашых краінах, спынення нагнятання ваеннай, інфармацыйнай, псіхалагічнай істэрыі, распальвання нянавісці і агрэсіі паміж краінамі і народамі".
Наталля Качанава падкрэсліла: Беларусь і Кітай вядуць актыўны міжпарламенцкі дыялог у духу ўзаемнай павагі і дружбы. "У ходзе сустрэчы кіраўніцтва Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў КНР Лі Чжаньшу ў чэрвені 2021 года мы ўсебакова абмеркавалі стан і перспектывы супрацоўнітва, у тым ліку ў сферы эканомікі, інвестыцый, гуманітарным і міжпарламенцкім узаемадзеянні. Нашым парламентарыям варта больш цесна ўзаемадзейнічаць па канкрэтных напрамках для выпрацоўкі новых ідэй і перспектыўных праектаў. Мы бачым будучае ў развіцці непасрэдных кантактаў паміж рэгіёнамі Беларусі і Кітая. З правядзеннем тэматычнага Года рэгіёнаў беларуска-кітайскія рэгіянальныя сувязі прыкметна актывізаваліся. Спадзяёмся, што эпідэміялагічная сітуацыя дазволіць нам правесці другі форум рэгіёнаў Беларусі і Кітая", - адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Наталля Качанава дадала, што гуманітарная сфера, у тым ліку развіццё кантактаў па пытаннях жаночага парадку дня, таксама адыгрывае важную ролю ў супрацоўніцтве нашых краін.