13 чэрвеня, Масква /Кар. БЕЛТА/. У Саюзнай дзяржаве павінен быць узгоднены лічбавы парадак дня. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Андрэй Кабякоў лічыць, што фарміраванне і рэалізацыя ў рамках Саюзнай дзяржавы лічбавага парадку дня павінны стаць прыярытэтным напрамкам. Урады Беларусі і Расіі ўдзяляюць вялікую ўвагу развіццю лічбавай эканомікі як аднаму з ключавых фактараў глабальнай канкурэнтаздольнасці і нацыянальнай бяспекі дзвюх краін.
"Як вы ведаеце, лічбавы парадак дня разглядаецца і ў Еўразійскім эканамічным саюзе. Уяўляецца важным правядзенне ўзгодненых дзеянняў Беларусі і Расіі па фарміраванні і рэалізацыі лічбавага парадку дня ў фармаце Саюзнай дзяржавы", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада. Пры гэтым узаемадзеянне бакоў на пляцоўцы СД будзе не дубліраваць, а дапаўняць работу, што праводзіцца ў ЕАЭС.
Дзяржорганы Беларусі працуюць ужо над уключэннем гэтых пытанняў, а таксама развіцця супрацоўніцтва ў сферы высокіх тэхналогій і інавацый у парадкі дня для разгляду вышэйшымі органамі Саюзнай дзяржавы.
Андрэй Кабякоў таксама прапанаваў актывізаваць фарміраванне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы ў СД. "Трэба забяспечыць максімальна высокую ступень інтэграцыі магчымасцей навукова-тэхнічных і інавацыйных патэнцыялаў Беларусі і Расіі. Прычым рабіць гэта трэба як на міждзяржаўным, так і на міжгаліновым узроўнях", - лічыць прэм'ер-міністр.-0-