29 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Тэма адзінай візы Саюзнай дзяржавы перспектыўная, яна будзе абмяркоўвацца. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках праведзенага сёння ў Маскве пасяджэння Савета міністраў Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З ініцыятывай аб увядзенні такой візы на пасяджэнні выступіў прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў. "Не думаю, што гэты праект істотна зменіць сітуацыю з перамяшчэннем па нашых дзяржавах, уездам у Расію і Беларусь, але гэта новая юрыдычная якасць, - сказаў журналістам расійскі прэм'ер. - У выпадку падпісання дагавора мы створым з Беларуссю такі маленькі шэнген на дваіх. Гэта створыць агульныя правілы ўезду-выезду на тэрыторыю нашых краін. Гэта важна, таму што міжнародная міграцыйная практыка вельмі складаная, і мы вельмі не хацелі б, каб перад нашымі краінамі ўзнікла тая ж праблема, якая цяпер у Еўрасаюзе. А ўніфікацыя візавага рэжыму ў гэтым сэнсе мае вялікае значэнне".
Разам з тым Дзмітрый Мядзведзеў адзначыў, што ўніфікацыя не будзе азначаць страты суверэнітэту кожнай краіны адносна прыняцця рашэнняў аб персонах нон грата.