8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Візіт беларускай дэлегацыі ў Італію для ўдзелу ў Нацыянальным дні Беларусі на Сусветнай выстаўцы "ЭКСПА-2015" у італьянскім Мілане адбудзецца 9-10 верасня. Узначаліць дэлегацыю прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Праграмай візіту прадугледжаны ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця Нацыянальнага дня Беларусі на выстаўцы ў Мілане, правядзенне перагавораў з прадстаўніком урада Італіі, генеральным камісарам "ЭКСПА-2015", прэзідэнтам рэгіёна Ламбардыя.
Кіраўнік беларускага ўрада таксама прыме ўдзел у панэльнай дыскусіі "Беларусь: еўрапейскі партнёр - еўразійскі рынак".
Акрамя таго, беларуская дэлегацыя плануе наведаць другі па значнасці рэгіён Італіі - П'емонт для правядзення перагавораў з прэзідэнтам рэгіёна, мэрам Турына і кіраўніцтвам адной з самых буйных у свеце аўтамабільных кампаній "Фіят Крайслер аўтамабайлз".
Запланавана правядзенне перагавораў з кіраўніцтвам канцэрна "Фінмеканіка" на базе аднаго з яго падраздзяленняў - вядучага вытворцы верталётнай тэхнікі кампаніі "АгустаВестланд".
У прэс-службе ўрада адзначылі, што маючы адбыцца візіт будзе садзейнічаць рэалізацыі двухбаковых праектаў фінансава-прамысловай кааперацыі, дасць магчымасць вызначыць напрамкі для далейшага ўзаемадзеяння з Італіяй. "Правядзенне Нацыянальнага дня Рэспублікі Беларусь з удзелам беларускай урадавай дэлегацыі стане важным мерапрыемствам іміджавага характару, накіраваным на павышэнне дзелавой і інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі", - падкрэслілі ў прэс-службе.