19 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета з 90-годдзем з дня заснавання тэатра. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Вялікі тэатр з'яўляецца яркай жамчужынай айчыннай і сусветнай класічнай культуры, заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Ваша легендарная сцэна - жывое ўвасабленне надзвычайнай таленавітасці беларускага народа, яго тонкага пачуцця прыгажосці і шчырай музычнай душы. Тут нарадзіліся і зрабілі першыя крокі шматлікія зоркі оперы і балета, стварылі свае выдатныя спектаклі знакамітыя балетмайстры і рэжысёры, успрымалі як гонар выступіць сусветныя знакамістасці", - гаворыцца ў віншаванні.
Гэту прафесійную планку, высока ўзнятую некалькімі пакаленнямі, з годнасцю захоўвае і сучасны калектыў тэатра, звярнуў увагу Прэзідэнт. "Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце самааддана працаваць для ўзбагачэння нашай культурнай спадчыны і працвітання любімай Радзімы", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў калектыву тэатра творчага натхнення, гучных прэм'ер, аншлагаў у роднай краіне і на гастролях, здароўя і дабрабыту.